viasna on patreon

Кандыдатам на прэзідэнцтва раздалі “несур’ёзныя намінацыі”

2010 2010-12-16T09:02:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

“Ліберальны клуб” разгледзеў праграмы кандыдатаў і вызначыў, хто ёсць хто, у жартаўлівай форме.

Як паведаміў эксперт клубу Алесь Апейкін, у намінацыі “За лаканічнасць” пераможцам стаў Дзмітрый Вус, бо працягласць ягоных выступаў на ТВ склала ўсяго 13 хвілінаў. Мікалая Статкевіча назвалі “Менеджарам генеральнай прыборкі” – за заяву пра камень на дарозе грамадства да лепшага жыцця, які трэба ссунуць, і абвестку, што прыборка прызначаецца на 19 снежня.

Пераможцам у намінацыі “Кандыдат-мультымільянер” прызналі Яраслава Раманчука, які ў сваёй праграме паабяцаў стварыць мільён новых працоўных месцаў. Намінацыю “За эвалюцыйнае развіццё” выйграў Аляксандр Лукашэнка, які падчас свайго маналогу на Усебеларускім сходзе ўвесь час узгадваў гэтае словазлучэнне.

Найлепшым у намінацыі “Тэатр абсурду” стаў Віктар Цярэшчанка. Каментатары ў інтэрнэце зазначаюць, што на ТВ вярнуліся брэжнеўскія прамовы, да таго ж шмат хто лічыць яго Гайдукевічам №2 у выбарчай кампаніі – гэта і тлумачыць назву намінацыі. “Алесь Міхалевіч за лозунг узяў выраз “Вместе – мы Беларусь”, пазычыўшы ідэю ў каманды Лукашэнкі. Таму і перамог у намінацыі “За творчую смеласць”, – адзначыў спадар Апейкін.

Рыгор Кастусёў навіну пра перамогу ў намінацыі “За праўду-матку” ўспрыняў пазітыўна. “Мне прыемна, што людзі сапраўды асацыююць мяне з чалавекам, які не баіцца адкрыта казаць пра горкую праўду жыцця. Але разам з тым мы ведаем шляхі да жыцця лепшага і таксама кажам пра гэта ў сваіх прамовах!” – адзначыў кандыдат.

Віталя Рымашэўскага прызналі найлепшым у намінацыі “Святая прастата”, бо ён лічыць, што існыя праблемы “можна вырашыць вельмі проста”. А вось Уладзімір Някляеў і Андрэй Саннікаў падзялілі намінацыю “Джэнтльмены ўдачы”, бо заключылі джэнтльменскае пагадненне і, паводле эксперта, досыць паспяхова правялі перадвыбарчыя кампаніі.

Агулам эксперты “Ліберальнага клубу” адзначаюць, што ў сваіх зваротах і прамовах кандыдаты прадэманстравалі адзінства тэмаў. Дарэчы, найбольш узгадвалі пра інвестыцыі і падатковую палітыку ў краіне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства