На распаўсюд агітпаштовак Лукашэнкі быў загад (копія дакумента)
“Праваабаронцы за свабодныя выбары” атрымалі дакументальнае пацверджанне таго, што работнікі РУП “Белпошта” ўдзельнічаюць у агітацыі за дзейнага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку ў працоўны час.
Да 15 снежня работнікі РУП “Белпошта” павінны былі раскідаць па паштовых скрынях жыхароў Беларусі 1 млн агітацыйных паштовак кандыдата ў прэзідэнты - дзейнага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі. Гэта вынікае з распараджэння ад 10 снежня 2010 года, дасланага ў Мазырскую філію РУП “Белпошта”, падпісанага намеснікам начальніка Таццянай Віктараўнай Маскалёвай.
У шапцы да дакумента стаіць надпіс: “Всем ОН”.
“В ваш адрес во вторник [14 снежня – удакладненне рэд.] поступят листовки по выборам, согласно разнорядки Гомельского филиала РУП «Белпочта». За 14-15 января (не позже) разнести листовки по абонентским ящикам [тут яўная ці наўмысная памылка ў месяцы - маецца на ўвазе снежань]”, - паведамляецца ў распараджэнні. Далей вельмі строга: “Всем отнестись очень ответственно, чтобы ни в коем случае не остались в сумках почтальонов или в каком-нибудь другом месте”.
У распараджэнні гаворыцца, каб начальнікі паштовых аддзяленняў Мазырскага раёна РУП “Белпошта” ўзялі гэта пад уласны кантроль і 15 снежня паведамілі па тэлефоне асабіста Таццяне Віктараўне Маскалёвай - “отчитаться о проделанной работе”.
У распараджэнні не згадваецца імя кандытата (кандыдатаў) ў прэзідэнты, чые ўлёткі павінны разнесці паштальёны.
Аднак менавіта паштоўкі за дзейнага прэзідэнта 14-15 снежня знайшлі ў сваіх скрынях не толькі жыхары Мазырскара раёна, але і ўсёй краіны. На паштоўцы ёсць надпіс “Будущее в наших руках” і аўтограф Лукашэнкі, а на адваротным баку напісана “Вместе мы добъёмся большего”. Наклад паштоўкі складае 1 мільён асобнікаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”