Мазыр: Назіральнікі прапанавалі ўчастковым камісіям прыняць дакладную працэдуру падліку галасоў
Давераная асоба Рымашэўскага па Мазырскім раёне Аляксандр Кавальчук, незалежны назіральнік Рыгор Крывіцкі і іншыя прапанавалі ўчастковым камісіям раёна прыняць дакладны парадак падліку галасоў выбаршчыкаў. Прапанова будуецца на падставе артыкула 13 Выбарчага кодэкса РБ, дзе сказана, што падрыхтоўка і правядзенне выбараў прэзідэнта праходзіць адкрыта і галосна, і артыкула 44 (п.1. ч.1.), што дае ўчастковым камісіям паўнамоцтвы па забеспячэнні выканання патрабаванняў ВК РБ і іншых актаў заканадаўства аб выбарах на тэрыторыі ўчастка для галасавання.
Ініцыятары прапануюць адкрываць скрыні для галасавання па чарзе, раскладаць бюлетэні па стосах (адзін прэтэндэнт – адзін стос). Спачатку адкрыць скрыню датэрмінаванага галасавання, раскласці бюлетэні па стосах, падлічыць, потым перанасную скрыню, потым скрыню, што знаходзілася ў памяшканні для галасавання ў дзень выбараў. Адпаведна сябры участковай камісіі сартыруюць бюлетэні па стосах: за кандыдатаў, супраць усіх, несапраўдныя.
Потым адзін з сябраў камісіі, абраны шляхам галасавання, робіць падлік бюлетэняў па кожным з кандыдатаў, а таксама супраць усіх кандыдатаў.
“Падлік робіцца гучна (называецца прозвішча кандыдата, за якога быў паданы голас выбаршчыка), кожны бюлетэнь дэманструецца астатнім сябрам камісіі, назіральнікам і кладзецца ў стос насупраць шыльдачкі з прозвішчам кандыдата. У выпадку сумневу ў правільнасці падліку галасоў любы сябра ўчастковай камісіі мае права пералічыць бюлетэні. Вынікі падліку галасоў агучваюцца старшынёй участковай камісіі”, - гаворыцца ў прапанове.
Участковыя камісіі прапанову ініцыятараў зарэгістравалі, вынік разгляду дакумента трэба чакаць праз тры дні. Участковыя камісіі павінны правесці паседжанне, прыняць рашэнне і даць адказ.
“Толькі ў аднаго сакратара ўчастковай выбарчай камісіі пасля рэгістрацыі дакумета была крыўда, што гэтая прапанова быццам бы выказвае недавер да камісіі”, - паведаміў Рыгор Крывіцкі.
Згодна з Выбарчым кодэксамРБ, участковыя камісіі павінны таксама папярэдзіць ініцыятараў прапановы пра час і месца паседжання.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”