Слонім: Замест абеду – агітацыя за Лукашэнку
У чацвер, 16 снежня, у Слоніме ў кінатэатры “Мір” выступаў рэктар Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага універсітэта Вітольд Песціс, давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі.
У абедзены перапынак каля 50 чалавек сілком загналі на гэту сустрэчу, пазбавіўшы магчымасці падсілкавацца. Найбольш у залі было супрацоўніц раённага вузла сувязі, што знаходзіцца недалёка ад кінатэатра “Мір”.
Выступоўца спыніўся на дасягненнях Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прасіў слонімцаў прагаласаваць за дзеючага кіраўніка дзяржавы. Спадар Песціс папярэдзіў прысутных, што калі яны не прагаласуюць за Лукашэнку, то могуць “вярнуцца 1990-я гады, калі не працавалі заводы і фабрыкі, калі людзі співаліся без працы”.
Прадставіў слонімцам спадара Песціса загадчык ідэалагічнага аддзела Слонімскага райвыканкама Ігар Лапікаў. Спадар Лапікаў з першых слоў свайго выступлення казаў, што слонімцы ўжо вызначыліся, за каго галасаваць, каб зберагчы у краіне стабільнасць і спакой.
Ніводнага пытання даверанай асобе Лукашэнкі ніхто з прысутных не задаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”