viasna on patreon

Прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні (дадзеныя з участкаў)

2010 2010-12-16T16:38:18+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/daterminovae-galasavanne.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Згодна з дадзенымі аналізу “Праваабаронцаў за свабодныя выбары”, падчас другога дня датэрміновага галасавання 14,3% назіральнікаў былі сведкамі прымусовага галасавання ў розных формах. Прыводзім некаторыя факты.

 Гарадзенская вобл, Мастоўскі р-н, Лунна, участак для галасавання №19

Зноў было прыведзена 19 чалавек з выпраўленчай установы адкрытага тыпу. Пашпарты знаходзіліся ў начальніка, які па чарзе выдаваў іх зняволеным і накіроўваў галасаваць.

 

Брэст, участак для галасавання № 124

Тры чалавекі ў вайсковай форме падыходзілі да сяброў камісіі з просьбай паставіць адзнаку, што яны прагаласавалі.

 

Мінск, Партызанскі р-н, участак для галасавання № 1

Камісія вядзе асобны падлік прагаласаваўшых студэнтаў і іншых жыхароў. Усяго, па словах старшыні камісіі, па адрасе г. Мінск, вул. Захарава, 21 (гал. корпус МДЛУ) зарэгістравана каля 700 студэнтаў. Па выніках галасавання дадзеныя прагаласаваўшых па факультэтах былі ўнесены ў табліцу, якую старшыня камісіі кудысьці панёс.

 

Віцебская вобл., г. Орша, участак для галасавання № 28

Настаўнікі СШ №20, дзе знаходзіцца ўчастак, прагаласаваўшы, стаялі каля ўчастку, чакалі дырэктара, каб адсправаздачыцца, што яны прагаласавалі.

 

Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт

14 снежня куратарам групы А-41 (англіская мова, 4-ты курс) факультэта земежных моваў Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Ф. Скарыны Казелец Нінай Паўлаўнай была знята з заняткаў студэнтка дадзенай групы Юха Т.В., якая жыве ў інтэрнаце № 2, і накіравана на датэрміновае галасаванне. У дадзеным універсітэце студэнтаў, якія жывуць у інтэрнаце, прымушаюць галасаваць датэрмінова. Да гэтага заклікаў рэктар.

Гомель

15 снежня намеснік па ідэалагічнай рабоце БелНІПІнафта (знаходзіцца: Гомель, Артылерыйская, 8) Кочнеў Алег Віктаравіч, спасылаючыся на ўказанне з Мінску, абвесціў па аддзелах, што супрацоўнікі павінны прагаласаваць датэрмінова.

 

Брэсцкая вобл, г.Баранавічы, участак для галасавання № 37

Шмат студэнтаў Баранавіцкага тэхналагічнага каледжа, якія жывуць у інтэрнаце, прагаласавала датэрмінова. Частка студэнтаў прыйшла нават са сваім куратарам (прозвішча не ўдалося распытаць).

 

Магілёўская вобл., Бабруйск, участак для галасавання  № 95

Майстар мастацкага коледжа (дзе размешчана камісія) прывёў студэнтау гэтага коледжа строем  у колькасці 30 чалавек. Сваё прозвішча майстар назваць назіральніку адмовіўся.

 

Магілёўская вобл., г. Горкі, участак для галасавання  № 6

Прадстаўнік адміністрацыі Горцкай сельскагаспадарчай акадэміі прыйшоў на ўчастак і праверыў па спісу выбаршчыкаў з дазволу камісіі, хто са студэнтаў Акадэміі не прагаласаваў.

 

Магілёўская вобл., Шклоўскі р-н. в. Гарадзец, участак для галасавання  № 13

Ваеннаслужачы пасля галасавання заявіў, што яму трэба патэлефанаваць і дакласці аб тым, што ён прагаласаваў.

 

Гомельская вобл., г. Мазыр, участак для галасавання  № 31

Кіраўніцтва Мазырскага політэхнічнага каледжа здымала студэнтаў з заняткаў (асабліва першы курс) і накіроўвала галасаваць. Выкладчыца (прозвішча не назвала) праверыла па спісу, хто са студэнтаў прагаласаваў.

 

Магілёў, участак для галасавання № 17

Навучэнцы Магілёўскага каледжу міліцыі - каля 65 чалавек - прагаласавалі адзін за адным на працягу 45 хвілін, з 16-00 да 16-45.

 

Магілёў, участак для галасавання № 42

Сябры ўчастковай выбарчай камісіі паведамлялі дадзеныя аб тым, ці ўзялі ўдзел у датэрміновым галасаванні выбаршчыкі, што жывуць у інтэрнатах МДУ імя А.Куляшова, у раённую выбарчую камісію.

 

Магілёў, участак для галасавання № 140

Сябры камісіі перадавалі ў раённую камісію дадзеныя аб тым, колькі выбаршчыкаў-жыхароў інтэрнатаў ААТ "Магілёўхімвалакно" (вул. Сіманава, 45 і 47) прагаласавала датэрмінова.

Магілёў, Кастрычніцкі р-н, участак для галасавання №122

33 чалавекі арганізавана былі дастаўлены з установы выканання крымінальнага пакарання адкрытага тыпу. Бюлетэні выдаваліся па даведках зняволеных.

 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства