У Оршы назіральніка незаконна выставілі за дзверы
Факт відавочнага беззаконня меў месца ва
ўчастковай камісіі № 42 па г.Орша.
15 снежня 2010 на гэтым участку, размешчаным у Аршанскай дзяржаўнай
агульнаадукацыйнай школе № 13, старшыня камісіі Школьнікаў Мікалай Анатольевіч
выгнаў назіральніка ад РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" Макарэвіч
Тамару Сцяпанаўну.
Падставай адмовы ў прысутнасці на выбарчым участку назіральніка паслужыла тое, што яна была накіравана назіральнікам ад кіруючага органа рэспубліканскага грамадскага аб'яднання, а на думку спадара Школьнікава, назіральнік ад рэспубліканскага кіруючага органа можа быць акрэдытаваны толькі пры Цэнтрвыбаркаме.
Дадзеныя дзеянні старшыні ўчастковай камісіі № 42 супярэчаць Пастанове № 49 Цэнтрвыбаркама «Аб парадку ўжывання часткі трэцяй артыкула 13 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2010 годзе». У пункце 3 дадзенай Пастановы вызначана, што накіроўваць назіральнікаў маюць права кіруючыя органы палітычных партый, іншых рэспубліканскіх грамадскіх аб'яднанняў - на паседжанні Цэнтральнай камісіі, тэрытарыяльных і ўчастковых камісій, на ўчасткі для галасавання.
Па факце незаконных дзеянняў накіраваныя скаргі ў Пракуратуру Оршы.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"