Маладэчна: Актывіст з партрэтам кандыдата – міліцыя з аўтаматамі
Маладэчанская міліцыя ізноў адзначылася тым, што затрымала актывіста, які размяшчаў агітацыйныя матэрыялы кандыдата ў прэзідэнты. 16 снежня ў памяшканні міні-рынка “1000 дробязяў” Уладзь Шульжыцкі (на фота) размясціў плакат Рыгора Кастусёва. Не паспеў ён далёка адыйсціся, як убачыў супрацоўнікаў міліцыі з аўтаматамі. Яны адразу затрымалі хлопца і даставілі ў аддзяленне міліцыі.
Ужо ў аддзяленні ахоўнікі парадку сталі спраўджаць, ці на законных падставах Уладь размяшчаў агітацыйныя матэрыялы на міні-рынку. Цікава, што на тым самым месцы ўжо даўно віселі плакаты іншых кандыдатаў, але на гэта міліцыянеры не звярталі ўвагі.
Пасля таго, як высветлілася, што міні-рынак вызначаны для размяшчэння агітацыі райвыканкамам, Уладзя адпусцілі, не складаючы пратакола.
Такім чынам, гэта было ўжо трэцяе падобнае затрыманне ў Маладэчне падчас перадвыбарчай кампаніі. Хочацца спадзявацца, што наша міліцыя калі-небудзь з такім імпэтам і аператыўнасцю стане рэагаваць на сапраўдныя правапарушэнні.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”