Брэст: Пікет супраць датэрміновага галасавання
Ініцыятарамі правядзення двухгадзіннай акцыі на мясцовым чыгуначным вакзале сталі мясцовыя актывісты выбарчага штаба Уладзіміра Някляева. Раней чыгуначны вакзал у Брэсце не выкарыстоўваўся ў якасці тэрыторыі для перадвыбарнай агітацыі, хоць дадзены аб'ект не ўваходзіць у спіс месцаў, дзе падобныя акцыі забароненыя. Між тым, на вакзале заўсёды шматлюдна, таму, як лічыць адзін з кіраўнікоў рэгіянальнага штаба гэтага кандыдата ў прэзідэнты Ігар Маслоўскі, інфармацыя з заклікам не ісці на выбары да 19 снежня, даведзена да вялікай колькасці людзей. "Мы растлумачылі, у чым небяспека датэрміновага галасавання, - распавёў Маслоўскі. - У такім разе вялікая верагоднасць, што аддадзеныя галасы за альтэрнатыўных кандыдатаў будуць папросту скрадзеныя".
Пікеты супраць датэрміновага галасавання штаб Уладзіміра Някляева ў Брэсце праводзіць і ў іншых ажыўленых месцах горада.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"