Магілёў: Назіральніцы вынесена папярэджанне
Назіральніцы магілёўскага выбарчага ўчастка №122 Яўгеніі Цюркінай старшыня выбарчай камісіі Аляксандр Крамачоў вынес афіцыйнае папярэджанне.
“Мяне старшыня камісіі абвінаваціў у тым, што я падыходзіла да скрыні датэрміновага галасавання, датыкалася да яе рукамі, знаходзілася каля яе і стала выдачы бюлетэняў для галасавання, перашкаджала працы сябрам выбарчай камісіі, прасіла прозішчы сябраў камісіі, рабіла фотаздымкі, запісвала адрасы вуліц і дамоў выбаршчыкаў, што выклікала незадаволенасць выбаршчыкаў”, - гаворыць Яўгенія Цюркіна.
Жанчына адзначае, што пры сабе ў яе няма фотаапарата, і таму яна ніяк не магла фатаграфаваць прысутных.
“Я не размаўляла з выбарчшыкамі і нічога не рабіла з таго, у чым мяне абвінавацілі”, - гаворыць жанчына.
Праваабаронца Уладзімір Краўчанка адзначае, што пасля таго, як Яўгенія Цюркіна зафіксавала факт прымусовага галасавання пад канвоем “хімікаў” у суправаджэнні супрацоўнікаў міліцыі, старшыня выбарчай камісіі Аляксандр Крамачаў прыгразіў назіральніцы, што не дапусціць яе да працэсу назірання за выбарамі, і гэтым папярэджанне ужо пачынае рэалізоўваць сваю пагрозу.
Нагадаем, што да абеду 14 снежня супрацоўнікі міліцыі прыканваіравалі галасаваць 50 чалавек з выпраўленчай калоніі адкрытага тыпу, што знаходзіцца на тэрыторыі гэтага выбарчага ўчастка, пасля абеду – 45. У самім памяшканні выбарчай камісіі ім выдавалі пашпарты, каб яны здолелі атрымаць бюлетэні для галасавання, а пасля пашпарты зноў забіралі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”