Барысаў: Назіральнікі АБСЕ зацікавіліся ўчасткам, дзе выбаршчыкі прасілі даведку
Учора барысаўскі ўчастак № 7, вядомы тым, што менавіта там работнікі БАТЭ прасілі даведку аб датэрміновым галасаванні, наведалі назіральнікі АБСЕ.
Азнаёміўшыся з умовамі для галасавання, створанымі на ўчастку, назіральнікі АБСЕ вырашылі пагутарыць з мясцовымі назіральнікамі. Назіральнік ад Руху «За свабоду»распавяла сваім міжнародным калегам аб тым, што ў першы дзень галасавання работнікі БАТЭ прасілі выдаць ім даведкі, якія сведчаць пра факт датэрміновага волевыяўлення, для прадастаўлення па месцы працы. Сябры камісіі гэтага не адмаўлялі.
Дарэчы, учора, у трэці дзень датэрміновага галасавання, на ўчастку № 7 прагаласавалі 92 чалавека. У папярэднія дні колькасць тых, хто прагаласаваў было ў разы менш: парадку трыццаці чалавек.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»