viasna on patreon

Салігорск: Лічбы па датэрмінова прагаласаваўшых – “заплясалі”

2010 2010-12-17T17:20:49+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/blanki-stosy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З кожным новы днём датэрміновага галасавання ў Салігорску выяўляюцца ўсё больш грубыя парушэнні выбарчага заканадаўства. Абуральны выпадак адбыўся на ўчастку №9 (сярэдняя школа №3). Па падліках назіральніка, 16 снежня ўдзел у галасаванні прыняў 131 чалавек, а ў выніковым пратаколе выбарчай камісііі была абвешчана лічба 179. Мясцовыя праваабаронцы адназначна заяўляюць, што такая істотная розніцца ажно ў 48 чалавек з'яўляецца сведчаннем фальсіфікацыі, бо ў папярэднія дні лічбы камісіі і назіральнікаў па гэтым участку практычна не адрозніваліся.

На ўчастках №№24, 25, 26, што знаходзяцца ў адным памяшканні,  быў адзначаны факт умяшальніцтва пабочных асобаў у працу выбарчых камісій. Работніца Салігорскага выканаўчага камітэта, якая адначасова з'яўляецца назіральнікам на ўчастку №25, арганізавана сабрала сябраў камісій трох участкаў у падсобным памяшканні, дзе правяла з імі "тлумачальную" гутарку. Варта адзначыць, што ў прыватных гутарках некаторыя сябры камісіі самі выказалі незадаволенасць умяшальніцтвам у іх дзейнасць. Дадзены факт быў зафіксаваны незалежнымі назіральнікамі,  а таксама прадстаўнікамі місіі БДІПЧ АБСЕ, якія пазней прыбылі на месца здарэння.

Па ранейшаму працягваецца актыўная прымусовая арганізацыя яўкі выбаршчыкаў на датэрміновае галасаванне. На 14-м участку назіральнікі адзначаюць масавы ўдзел у галасаванні жыхараоў інтэрнату па вуліцы Заслонава, 59, які знаходзіцца ў ведамственым распараджэнні швейнага прадпрыемства "Калінка". Адзначым, што абсалютная большасць жыхароў інтэрнату з'яўляюцца работнікамі гэтага прадпрыемства, а камендант інтэрната ўзначальвае ўчастковую камісію на дадзенай тэрыторыі. 90% складу камісіі таксама складаюць работнікі "Калінкі". 

16-га снежня арганізаванае і прымусовае галасаванне студэнтаў Салігорскага горна-хімічнага каледжу было зафіксавана на ўчастку №13. Група з 20-ці чалавек была прыведзена на ўчастак выкладчыкам каледжу Бародкам Мікалаем Мікалаевічам, які пільна назіраў за працэсам галасавання студэнтаў, аднаму з якіх у карэктнай форме сказаў: "Прагаласуй!".

Доўгатэрміноваму назіральніку Л.Мархотку працягваюць паступаць тэлефонныя званкі грамадзян з паведамленнямі аб фактах прымусу за датэрміновага галасавання з боку адміністрацый прадпрыемстваў і ўстаноў. Адзін з такіх сігналаў паступіў ад работнікаў школы №10, кіраўніцтва якой праводзіць адмысловыя бацькоўскія сходы, на якіх "тлумачыцца" неабходнасць пайсці прагаласаваць датэрмінова. На сходах адміністрацыя заклікае тых, хто прыйшоў з пашпартамі, адразу пайсці і прагаласаваць.

Назіральнікі з выбарчых участкаў паведамляюць і пра іншыя парушэнні. Так, на выбарчым участку №14 у кабіну для галасавання адначасова заходзіла да трох чалавек з бюлетэнямі. На ўчастку №9 сябры камісіі выдалі адной выбаршчыцы па двух пашпартах адразу два бюлетэні, з якімі яна ўвайшла ў кабінку, а потым прагаласавала.

Назіральнікі адзначаюць, што па фактах іх пісьмовых скаргаў яны звычайна атрымліваюць адпіскі аб адпаведнасці выбарчага працэсу заканадаўству. Тым не менш, некаторыя скаргі на справе задавальняюцца. У прыватнасці, супрацоўнікі міліцыі падчас галасавання пасля заўвагаў назіральнікаў больш не знаходзяцца ў памяшканнях для галасавання.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства