viasna on patreon

Чатыры былыя кандыдаты пераведзены ў статус абвінавачаных

2010 2010-12-30T11:58:12+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/index.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

29 снежня прад'яўлена абвінавачанне па арт. 293 КК РБ чатыром былым кандыдатам у прэзідэнты - Уладзімеру Някляеву, Андрэю Саньнікаву, Мікалаю Статкевічу і Віталю Рымашэўскаму. Акрамя іх у арганізацыі масавых беспарадкаў у Мінску абвінавачванне прад'яўлена даверанай асобе Рымашэўскага Паўлу Севярынцу і прэс-сакратару Саннікава Аляксандру Атрошчанкаву.

Як паведамляе Радыё Свабода, адвакат У. Някляева Тамара Сідарэнка звяртае ўвагу на стан здароўя яе падабароннага, які выклікае вялікую трывогу. Яна падала хадайніцтвы на неадкладную шпіталізацыю арыштаванага і на зьмену меры стрыманьня.

«Абвінавачаньне Някляеву выстаўлена, але мы практычна не дапытаныя. Бо важней за абвінавачаньне той факт, што ён сёньня перанёс гіпэртанічны крыз. Стан здароўя ў яго вельмі няважны. Ён не шпіталізаваны, хаця, са словаў Някляева, ёсьць вельмі вялікая небясьпека паўторнага крызу і інсульту. Асабліва, калі ўлічыць, што ён з 1999 году на ўліку і ўжо тады перанёс інсульт. Яго стан даволі дрэнны».

Сідарэнка сказала, што ў Някляева затарможаная гаворка, і вельмі высокі ціск, 220 на 160, што для яго ніколі не было характэрна.

«Самы вялікі ціск, калі спатрэбілася ўмяшаньне лекараў, быў 180. Таму ўявіце сабе. Чалавек лічыць, што ён фактычна можа памерці. Лятальны сыход быў бы непазьбежны і цяпер, са словаў Някляева. Пашчасьціла толькі тое, што у камэры быў адзін сукамэрнік (астатнія былі на шпацыры), той убачыў, што Някляеву дрэнна, ён губляе прытомнасьць, і выклікалі хуткую. Таму невядома, чым бы гэта яшчэ скончылася».

Адвакат Павел Сапелка паведаміў, што выстаўлена абвінавачаньне яго падабаронным Андрэю Саньнікаву і Паўлу Севярынцу. Адвакат лічыць, што ані Саньнікаў, ані Севярынец «не заслугоўваюць прыцягненьня да нейкай адказнасьці».

Датычна іх самаадчуваньня, адвакат сказаў так: «З Паўлам усё ў парадку ў гэтай частцы, Андрэй Саньнікаў атрымаў лячэньне, цяпер яму лепш. Яму зрабілі рэнтген, тамаграфію галавы. Ён практычна ходзіць нармальна. Нядаўна прайшоў галаўны боль».

Паводле спадара Сапелкі, тэрмін утрыманьня пад вартай — наогул два месяцы, і з санкцыі пракурора ён можа быць працягнуты.

Адвакат Уладзімер Тоўсьцік сказаў, што выстаўлена абвінавачаньне і журналісцы Ірыне Халіп, жонцы экс-кандыдата Андрэя Саньнікава. Аднак ён не назваў артыкул і сказаў, што заўтра працягнуцца допыты. Ён сказаў, што Ірына ня падае духам, добра трымаецца, на здароўе ня скардзіцца.

Усяго па справе аб масавых беспарадках праходзіць 26 асобаў. 19 зь іх знаходзяцца пад вартай у СІЗА КДБ і менавіта 29 сьнежня ў некаторых скончыўся 10-дзённы тэрмін з дня іх затрыманьня. Што да Алеся Міхалевіча, то ў яго тэрмін утрыманьня пад вартай завяршаецца 30 сьнежня. Яго адвакат Алег Агееў сказаў:

«Па законе абвінавачаньне павінна выстаўляцца ў маёй прысутнасьці і адпаведна першы допыт у якасьці абвінавачанага — таксама ў прысутнасьці адваката. Усё залежыць ад таго, ці будзе яму заўтра выстаўляцца абвінавачаньне, ці ён будзе адпушчаны на волю».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства