Зняволеныя анархісты вырашылі ажаніцца
Двое з асуджанных «па справе анархістаў» Мікалай Дзядок і Аляксандр Францкевіч вырашылі ўзяць шлюб за кратамі са сваімі абраніцамі. Мікалай зараз находзіцца ў папраўчай калоніі № 15 у Магілёве, а Аляксандр – у «Воўчых норах» пад Івацэвічамі.
На думку сяброўкі Мікалая Дзядка Валерыі Хоцінай, вяселле з Мікалаем можа адбыцца напрыканцы верасня, пасля таго як кіраўніцтва калоніі разгледзіць усе паперы:
– Я мусіла запоўніць свой бок заявы па месцы жыхарства ў загсе. Мяне прыняла цётачка – яна пацвердзіла, што я гэта я. Я даслала туды запоўненую сваю заяву, а ён ужо, са свайго боку, запоўніць яе там, дзе пацвердзіць гэта начальнік. І толькі тады, цягам трох месяцаў, яны павінны разгледзець нашу заяву, але справа ў тым, што ў нашай калоніі толькі тры пакоі для доўгачасовых спатканняў і таму яны не могуць распісаць больш чым тры пары ў адзін час. Цяпер адбываецца запіс на верасень, таму, я так думаю, пакуль разгледзяць, дык гэта можа адбыцца напрыканцы верасня.
Як паведамляе маці Аляксандра Францкевіча Таццяна Францкевіч, Сашына сяброўка Наста Кухта таксама рыхтуе неабходныя для шлюбу паперы. Пра свой намер сыграць вяселле за кратамі раней заяўлялі асуджаныя «па справе 19 снежня» Зміцер Дашкевіч і Наста Палажанка, Павел Вінаградаў і Зміцер Буланаў.