Суд па справе Алега Стахаевіча працягваецца
У судзе Лунінецкага раёна працягваецца разгляд справы кіраўніка суполкі Беларускага незалежнага прафсаюза мікашэвіцкага прадпрыемства “Граніт” Алега Стахаевіча па незаконным звальненні з працы. Па словах Стахаевіча, звальненне адбылося з парушэннямі, бо яго своечасова не азнаёмілі з адпаведным загадам. Таксама яму не прадаставілі штатны расклад прадпрыемства, і ён не быў азнаёмлены з усімі вакансіямі. Акрамя таго, працадаўца не паведаміў пра звальненне ў Беларускі незалежны прафсаюз, сябрам якога Стахаевіч з’яўляецца.
Алег Стахаевіч упэўнены, што справа цалкам выйгрышная, хаця юрыст “Граніту” паводзіць сябе заангажавана і не падтрымлівае ніякіх хадайніцтваў і заяваў з боку Стахаевіча.
На судзе кіраўніка суполкі незалежнага прафсаюза Стахаевіча падтрымлівае каля 40 чалавек, у тым ліку кіраўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук, журналісты незалежных мас-медыя.
Працяг суда прызначаны на 11-га красавіка
Нагадаем, што кіроўцу «БелАЗу» з вышэйшай адукацыяй Алега Стахаевіча звольнілі з «Граніту», калі ён узначаліў незалежны прафсаюз. Падчас працы на ён не меў ніякіх спагнанняў і быў у ліку лепшых супрацоўнікаў.