viasna on patreon

Ці выконвае сваю функцыю артыкул 441 Крымінальнага Кодэксу ў калоніях?

2012 2012-08-15T12:30:48+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kodeks_kryminalny.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Надзейным сродкам, які адміністрацыі беларускіх калоній выкарыстоўваюць для ціску і “перавыхавання”  асуджаных, з’яўляецца  артыкул 411 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь: "Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі". Але ці насамрэч гэты артыкул выконвае тыя функцыі, якія заканадаўцы ўклалі ў яго сутнасць у папраўчых установах?

У межах маніторынгу пенітэнцыярнай сістэмы, які праводзіць Праваабарончы цэнтр “Вясна”, да праваабаронцаў часта прыходзяць лісты, у якіх асуджаныя прыводзяць канкрэтныя прыклады прымянення гэтага крымінальнага артыкула, разважаюць аб тым, ці патрэбны ўвогуле гэты артыкул у цяперашнім выглядзе.

Слушнымі падаюцца разважанні аднаго з асуджаных, які адбывае пакаранне ў Івацэвічскай калоніі:

“На мой погляд ёсць сэнс выбудоўваць пазіцыю па скасаванню арт 441 Крымінальнага кодэкса, асноўваючыся на такой канцэпцыі ліберальна-крытычнага накірунку ў крыміналогіі як стыгматызацыя [рэд: навешванне сацыяльных ярлыкоў, кляйменне].

Стэрэатыпы папраўчай сістэмы Беларусі палягаюць у тым, што нібыта з дапамогай арт. 441 КК перамагаецца зладзейская ідэя і такім чынам рэалізуецца праграма па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю.  Відавочна, што прыхільнікі падобнай ідэі непрафесійна падыйшлі да вывучэння праблемы.

Згодна з тэорыяй стыгматызацыі, злачынныя паводзіны становяцца менавіта такімі ў выніку “кляймення” асобы сістэмай крымінальнай юстыцыі. Форма, якая падбіраецца ў адпаведнасці з выбудаванымі дзяржавай санкцыямі, па-першае,  вымагае праяўляць абарончую рэакцыю, каб зберагчы сваю рэпутацыю, сваё Я, супраціўляючыся, альбо наадварот, апускаючыся “на дно”, падпарадкоўваючыся акту стыгматызацыі. Па-другое, гэта дазваляе знаходзіць магчымасці для дэлінквентнай кар’еры. [рэд: напрыклад, аўтарытэты, злодзеі ў законе]. Дык няўжо прыхільнікі арт. 441 КК і іншых падобных інструкцый не ведаюць пра гэта?

Вось яскравы прыклад: у каранціне папраўчай калоніі №5, куды я прыбыў этапам у 2000 годзе, пасаду начальніка карантына часова выконваў ваенны контрразведчык. Згодна з атрыманымі інструкцыямі, ён не павінен прадастаўляць да размеркавання ў атрады асуджаных, якія адмаўляюцца прыняць пісьмовае абавязальніцтва (такіх звычайна накіроўваюць ў штрафны ізалятар). Ён быў шчыра збянтэжаны тым, што некалькі зняволеных з нізкім статусам у каранціне адмаўляюцца падпісваць абавязальніцтвы нараўне з “блатнымі”. “Здавалася, ну што зменіцца ў іх жыцці?” – задаваўся ён пытаннем.  “Яны што, зробяцца блатнымі?”

Нават гэты прыклад сведчыць ад тым, што створаныя ў калоніі ўмовы вымушаюць нават гэтых асуджаных  праяўляць сапраўдны мужчынскі характар, і ад гэтага выбару залежыць іх самапавага і пачуццё ўласнай годнасці. І ў такой сітуацыі артыкул 441 КК набывае ступень прызнання павагі, паколькі калі ёсць прымус, то ёсць і супраціўленне гэтаму.

У цывілізаваных краінах, у месцах пазбаўлення волі няма ўмоваў для дэлінквентных кар’ер, якія будуюцца на антыграмадскіх супрацьпраўных паводзінах індывіда, а аналагу падобнага артыкула няма нават у крымінальным заканадаўстве Расійскай Федэрацыі”.

Гэтыя разважанні асуджанага даюць пэўнае ўяўленне аб тым, як насамрэч  працуе сістэма «перавыхавання», пабудаваная на прымяненні артыкула 441 Крымінальнага кодэксу, які нярэдка выкарыстоўваецца таксама  для маральнага ўціску і перасьледу лідараў і актывістаў апазіцыі, якія знаходзяцца ў зняволенні.

Патрэбна нагадаць, што У Беларусі па артыкуле 411 КК асуджаюцца, у асноўным, зняволеныя, якія не гатовыя ў сілу сваіх перакананняў і пачуцця асабістай годнасці выконваць распараджэнні адміністрацыі папраўчай установы, накіраваныя на прыніжэнне пазбаўленага волі і паніжэнне яго статусу. Многія з іх не прызналі віны ў здзяйсненні злачынства і лічаць сваё зняволенне незаконным.

Артыкул 441 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь:

"Злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, альбо іншае процідзеянне адміністрацыі ў ажыццяўленні яе функцый асобай, якая адбывае пакаранне ў папраўчай установе, што выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, калі гэта асоба за парушэнне рэжыму адбывання пакарання падвяргалася на працягу года дысцыплінарнаму спагнанню ў выглядзе пераводу ў памяшканне камернага тыпу, спецыялізаваную палату, адзіночную камеру ці пераводзілася ў турму (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі), - караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін да аднаго года.

Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, здзейсненае асобай, асуджанай за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства або якая дапусцілі асабліва небяспечны рэцыдыў, - караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства