Шыла зьвярнуўся да міністра ўнутраных справаў
Намесьнік старшыні Маладога Фронта Іван Шыла зьвярнуўся да Міністра ўнутраных справаў з адмысловым зваротам. У ім моладзевы актывіст гаворыць пра заканамернасьць выпадка ў Салігорскім ІЧУ, пасьля якога арыштаваны памёр у рэанімацыі. Ён патрабуе прызнаць неадпаведнасьць умоваў утрыманьня заканадаўчым нормам і пачаць вышарашыць гэтую праблему.
Прыводзім тэкст зварота цалкам.
"У Салігорскім ізалятары чалавек атрымаў траўмы і пасьля памёр у бальніцы. Інфармацыя зьявілася толькі праз месяц і толькі ў незалежных СМІ. І толькі зараз можна пачуць першыя камэнтары адносна гэтага здарэньня: начальнік Сьледчага камітэту салігорскага раёна гаворыць пра невінаватасьць супрацоўнікаў міліцыі і малюе асацыяльны вобраз загінуўшага - выпіваў, рэгулярна адбываў арышты і прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці. Трапіў у ізалятар, упаў і памёр. Быццам бы, так і трэба, нічога і не здарылася, сам вінаваты.
Я не стану казаць, што адбылося ў дадзеным канкрэтным выпадку. Але, магу сказаць, хто ў гэтым вінаваты - палкоўнік Астрэйка, начальнік Салігорскай міліцыі. Ня важна, сам ці не сам упаў загінуўшы малады чалавек. Сьмерць у такім ізалятары - справа, нажаль, заканамерная.
Мінулым летам я двойчы адбываў адміністрацыйныя арышты. Падчас першага тэрміну я трымаў галадоўку з адзіным патрабаваньнем - каб выконваліся заканадаўчыя нормы ўтрыманьня вязьняў.
У ІЧУ няма асобных спальных месцаў, туалет знаходзіцца ў камэры і ўяўляе сабой дзірку ў падлозе, над якой два краны - адзін для “змыва”, другі для “піцьця”. Арыштаваным не прадастаўляецца асобных спальных месцаў, ігнаруюцца мінімальныя стандарты - многім даводзіцца спаць не проста на дошках, а на падлозе. Каля таго самага туалета.
Я адбываў пакараньне летам - камэры не праветрываюцца, тэмпэратура зашкальвае. Арыштаваных не водзяць у душ, а калі водзяць, выглядае гэта як саступка, якая залежыць ад настроя канвойных ці дзяжурнага. Пра прагулкі і гаворкі не ідзе - іх проста няма.
У камэрах цёмна круглыя суткі, не выконваюцца санітарныя нормы. Са словаў “дасьведчаных” сядзельцаў, матрацы мяняюць толькі пасьля таго, як нехта памірае. На жаль, у гэтыя словы я веру.
Канвойныя бяруць на сабе функцыю лекараў - яны самі вызначаюць, каму трэба, а каму ня трэба выклікаць мэдычную дапамогу. У ізалятар зьмяшчаюцца людзі ў стане алкагольнага апьяненьня - натуральна, што не атрымаўшы той дапамогі, якая прадугледжана, напрыклад, ў “выцьвярозьніку”, ім робіцца кепска. Я асабіста назіраў тры выпадкі, калі пасьля ігнараваньня з боку канвойных, людзі маглі памерці ў ізалятары. Тады абыйшлося.
Толькі на сёмы дзень маёй галадоўкі са мной сустрэўся намесьнік начальніка ізалятара - мяне звадзілі ў душ. На большае выкананьне сваіх абавязкаў супрацоўнікі міліцыі былі ня здольныя.
Падчас другога арышту ў мяне абвастрылася алергія, выкліканая кепскімі санітарнымі ўмовамі. Калі мне было асабліва кепска, я папрасіў канвойнага выклікаць хуткую дапамогу. Прамым тэкстам мяне паслалі. Лекары прыехалі толькі праз некалькі гадзінаў і мяне адразу шпіталізавалі.
Так атрымалася, што мой бацька, Уладзімір Шыла, таксама адбываў арышт мінулым летам. Пасьля гэтага ён зьвярнуўся са скаргай на ўмовы ўтрыманьня. Адбылася сустрэча з начальнікам міліцыі палкоўнікам Астрэйка. Усе патрабаваньні, выкладзеныя ў скарзе былі праігнараваныя і бацька не атрымаў нават пісьмовага адказу.
Зараз, пасьля знаходжаньня ў ізалятары, памёр чалавек. Ня важна, што скажуць сьледчыя. Гаворка пра тое, што гэта не выпадковасьць, бо ізалятар у салігорскай міліцыі - гэта катавальня і нават у здаровага чалавека там могуць узьнікнуць сур’ёзныя праблемы.
Салігорская міліцыя ведала і ведае пра тое, у якіх умовах утрымоўваюцца арыштаваныя. Але, упарта бязьдзейнічае.
І на маю думку, надыйшоў час прызнаць праблемы і пачаць іх вырашаць. Таму, я патрабую:
- Публічна прадэманстраваць відэазапіс інцыдэнта, які пацягнуў за сабой сьмерць чалавека.
- Дапусьціць у ізалятар для азнаямленьня з умовамі ўтрыманьня прадстаўнікоў грамадзкасьці і СМІ.
- Прыцягнуць да адказнасьці начальніка ІЧУ і начальніка Салігорскай міліцыі за невыкананьне службовых абавязкаў.
- Прывесьці стан ІЧУ у адпаведнасьць з заканадаўчымі нормамі ўтрыманьня арыштаваных.
Шыла Іван, 21.08.2012