Маці палітвязьня Аляксандра Францкевіча вымусілі звольніцца з працы
Паўтары гады Тацяна Алегаўна Францкевіч адпрацавала прыбіральшчыцай тэрыторыі ў Наваполацкім УП “Вадаканал”. Праца, вядома, не престыжная, да таго ж і заробак далёкі ад дэкларуемага кіраўніком Беларусі сярэдняга ўзроўню аплаты працы.
Тым не меней, штодзённае цкаваньне паслужыла прычынай, каб 4 жніўня жанчына вымушаная была напісаць заяву на звальненьне “па ўзгадненьні бакоў”.
Непрыемнасьці на працы пачалася яшчэ вясной, калі Тацяна Францкевіч, насуперак прымусу кіраўніцтва прадпрыемства, адмовілася ўдзельнічаць у суботніку. Намесьнік дырэктара УП “Вадаканалу “ Аляксандр Кляменцьеў тады так і заявіў, што, маўляў, вы не маеце права абурацца, у вас ёсьць толькі абавязкі.
Пасьля гэтага для Тацяны Францкевіч пачалі ствараць невыносныя ўмовы працы, часта пасылаць на іншыя аб’екты за межамі прадпрыемства, хаця гэта і не прадугледжвалася працоўнымі абавязкамі.
Тацяна Францкевіч некалькі разоў брала дні без аплаты, каб патрапіць на спатканьне з сынам, які адбывае пакараньне ў Івацэвічскай калоніі. Урэшце кіраўніцтва папярэдзіла, што заяву больш не падпішуць, паколькі Тацяна працягвае адстойваць свае працоўныя правы.
Неўзабаве начальнік цэха Сяргей Калашнікаў запатрабаваў напісаць тлумачальную запіску за нязначнае, на 5 хвілінаў, спазненьне на працу. Праз пэўны час, нібыта за чарговае парушэньне працоўнай дысцыпліны, прымусілі напісаць яшчэ адну тлумачальную.
Увогуле, як распавяла праваабаронцам Тацяна Францкевіч: “з “Вадаканалу” працаўнікі нярэдка звальняюцца менавіта з-за таго, што рабочых пасылаюць на працу на іншыя аб’екты Наваполацка. Працаваць у такіх умовах, за мізэрныя грошы, вельмі цяжка. Хаця зараз яшчэ складаней, і нават ня ведаю, ці змагу знайсці новую працу. Да пенсіі застаўся адзін год, а ў такім узросьце, самі ведаеце, працаўладкавацца няпроста”.