viasna on patreon

Чаму ў Жодзінскай турме гінуць зняволеныя?

2016 2016-05-12T14:25:42+0300 2016-05-12T14:37:07+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zhodzina-turma-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Нярэдка праваабаронцам становяцца вядомыя факты смерці зняволеных у калоніях і турмах, а сродкі масавай інфармацыі паведамляюць пра сляды гематомаў і крывападцёкі на іх целах. Часам зняволеных даводзяць да самагубства самі супрацоўнікі следчых ізалятараў і тыя ўмовы ўтрымання, якія там існуюць. Паказальнай у гэтым плане выглядае турма №8 у Жодзіна.

Так, у лістападзе 2013 года ў карцэры гэтай турмы скончыў жыццё самагубствам жыхар Мінска Арцём К. Ужо напачатку 2015 года кантралёр Жодзінскай турмы быў асуджаны за "давядзенне да самагубства" і "перавышэнне службовых паўнамоцтваў" на 6 год калоніі.

У гэтым годзе ў Жодзінскай калоніі спрабаваў скончыць жыццё самагубствам у знак пратэсту супраць прысуду і катаванняў жыхар Салігорска Ягор Пратасеня. Ён патрапіў у кому і, не прыходзячы ў сябе, памёр 29 сакавіка ў Салігорскай раённай бальніцы.

Аднак не толькі самагубства становіцца прычынай смерці зняволеных у Жодзінскай калоніі. Праваабаронцам вядомыя таксама выпадкі смерці пацыентаў у турэмнай бальніцы. Звычайна ў такой сітуацыі вельмі цяжка даказаць, што прычынаю смерці становіцца халатнасць медыцынскага персаналу і ўмовы адбыцця пакарання.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” падрабязна вывучае акалічнасці смерці  ад сардэчнага захворвання ў ізалятары турэмнай бальніцы жыхара Мінска Алега Багданава. Зараз Жодзінскім гарадскім аддзелам Следчага камітэта прызначаная дадатковая комплексная экспертыза па гэтай справе, пасля якой можа быць узбуджаная крымінальная справа ў дачыненні да медыцынскіх работнікаў.  

У інтэрнет-суполцы “Следственная тюрьма №8, г.Жодино”  некалькі дзён таму з’явілася эмацыйнае паведамленне наступнага зместу:

“У мяне быў муж цяжка хворы, яны хлусілі усе: і нач.мед. і лекар, што ён ходзіць і сядзіць, а на самай справе ён ляжаў і паміраў, а абслуга казала: як ты надакучыў, хутчэй бы ты здох .... Вось якое ў Жодзіне стаўленне да жывых людзей. Пісалі і хлусілі, што энцэфаліт (запаленне галаўнога мозгу) і нібыта вазілі ў Мінск на МРТ, яны пацвердзілі, а на самай справе – не. Ускрыцце паказала, што яны ўсё хлусяць .... Мой муж памёр, памёр, бедненькі, ня вытрымаў, ад болю і хамства, памёр на вялікае свята Вялікдзень, Бог яму дараваў усе, а я буду за яго помсціць”.

 Пакуль праваабаронцы не валодаюць поўнай і дакладнай інфармацыяй пра апошні выпадак у Жодзінскай турэмнай бальніцы, каб рабіць пэўныя высновы, аднак сведчанні тых, хто звяртаўся па лячэнне туды, кажуць самі за сябе.

Тры месяцы ў следчым ізалятары Жодзіна знаходзіўся Ігар В., які “зведаў асалоду” ад мясцовага лячэння, паколькі патрапіў у бальніцу з бранхітам:

 “У Жодзіна, у турэмнай бальніцы бачыў вошай, а крысы крадуць мыла, цягаюць па падлозе тапкі. Тут, калі трэба тэрмінова выклікаць доктара, скажам вечарам, ці ўначы, гэтага зрабіць немагчыма, ён з’явіцца толькі раніцай. Таксама існуе верагоднасць прыдбаць іншую хваробу, паколькі хворыя на сухоты ды на іншыя інфекцыі ў бальніцы не размяшчаюцца асобна ад астатніх. Зімою здараліся дні, калі было адключана ацяпленне і было холадна”.

“З лекаў,  – распавядае Ігар В., – часцей за ўсё прапісваюць аспірын, анальгін, валідол. Нават калі сваякі перадаюць нейкія лекі з волі, не ўсе яны трапляюць да хворых, толькі тыя, што ў таблетках….

Ды і як ты тут будзеш здаровым, калі камеры – перапоўненыя, па 14-15 чалавек, у іх вільготна і сыра, а на сценах – чорная цвіль, грыбок, ды яшчэ многія кураць. Тое ж і са штодзённымі прагулкамі, якія амаль заўсёды скарачаюцца па часе”.

Нядаўна Naviny.by вырашылі высветліць, з якімі цяжкасцямі сутыкаюцца інваліды, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі і якім чынам так іх лечаць. Сітуацыя, якую каментуюць у матэрыяле “Інсульт, ампутацыя, смерць. Што чакае інваліда ў беларускай турме?” дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Эніра Браніцкая і эксперт Праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка, таксама жахлівая.

На жаль, закрытасць беларускай пенітэнцыярнай сістэмы для праваабаронцаў не дазваляе валодаць ім поўнай інфармацыяй пра ўмовы ўтрымання альбо якасць медыцынскага абслугоўвання ў месцах пазбаўлення волі. Аднак нават тыя факты, якія становяцца вядомымі, сведчаць аб тым, што сітуацыя сапраўды патрабуе кардынальных зменаў.

Чытаць таксама: Генпракуратура прыняла да разгляду крымінальную справу па факце смерці Ігара Пцічкіна ў СІЗА

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства