Вікторыя Пальчыс: Адчаю ў вачах мужа я не бачыла
У судзе над блогерам Эдуардам Пальчысам абвешчаны перапынак да 24 кастрычніка. Як вядома, працэс праходзіць у Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме.
Вікторыя – жонка Эдуарда – падзялася з сайтам palitviazni.info сваімі ўражаннямі ад працэса. “Ёсць адчуванне, што ўсё будзе добра”, – кажа яна.
Нагадаем, што Эдуард Пальчыс абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў па ч.1 арт.130 (распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай розні) і ч.2 арт. 343 (распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусі.
25 жніўня 2016 года суд Цэнтральнага раёна Мінску разгледзеў справу аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863х.com. У выніку закрытага судовага пасяджэння 9 артыкулаў, размешчаных на дадзеным сайце, былі прызнаныя экстрэмісцкімі.
14 кастрычніка распачаўся суд над Эдуардам Пальчысам, праваабаронцы ўжо прызналі блогера палітвязнем.
– Працэс закрыты, а таму я не магу распавядаць пра нейкія дэталі працэса, бо сама там выступала сведкай, – распавядае Вікторыя.– Адвакат таксама знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні інфармацыі. Але асабіста ў мяне склалася ўражанне, што справа – даволі аб’ёмная, а таму яе так доўга і разглядаюць. Таксама вельмі ўразіла падтрымка мужа, якую мы бачым. Штодзень, калі праходзіць суд, людзі збіраюцца пад вокнамі Мінскага гарадскога суда, гучаць словы падтрымкі.
– Эдуард напісаў вам, што чуе гэтую падтрымку?
– Так, і вельмі добра чуе ў зале суда. Асабліва, калі ў працэсе невялічкая паўза, і ніхто не выступае з прамовамі. Тады наогул чутно кожнае слова.
– Калі вас выклікалі ў суд у якасці сведкі, можа быць, удалося перакінуцца некалькімі словамі з мужам?
– Не, толькі позіркамі. І мне падалося, што Эдуард знаходзіцца ў добрым маральным стане. Ва ўсялякім выпадку выглядае па-баявому, адчаю я ў вачах не ўбачыла.
– Якія вашы прагнозы па канчатковаму рашэнні суда?Ёсць тут нейкія адчуванні?
– Ёсць адчуванне, што ўсё будзе добра. Мяркую, што ўжо на наступным тыдні будзе прынята нейкае рашэнне.