viasna on patreon

Закон аб «замежных агентах» за чатыры гады скаваў некамерцыйныя арганізацыі Расіі і пазбавіў іх голасу

2016 2016-11-21T13:12:15+0300 2016-11-21T13:17:13+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zamiezhny_agient.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота: kommersant.ru

Ілюстрацыйнае фота: kommersant.ru

Напярэдадні чарговай гадавіны ўступлення закона ў сілу, праваабаронцы Amnesty International прадставілі даклад пра наступствы для грамадства ад дзеяння закона «аб замежных агентах». Паводле Amnesty International, за апошнія чатыры гады 148 арганізацый былі ўключаныя ў спіс «замежных агентаў», з іх 27 былі вымушаныя зачыніцца.

Фінансаванне больш як ста некамерцыйных арганізацый істотна скарацілася, іх рэпутацыі была нанесеная шкода, а супрацоўнікі падвергліся ціску і запалохванню з прычыны прыняцця чатыры гады таму драконаўскага закона аб некамерцыйных арганізацыях-«замежных агентах», заявіла Amnesty International напярэдадні чарговай гадавіны ўступлення закона ў сілу 21 лістапада.

У новым дакладзе «Агенты народа»: чатыры гады дзеяння закона «аб замежных агентах» - наступствы для грамадства» Amnesty International адзначае, які высокі кошт заплаціла расійскае грамадства: як зачыняліся незалежныя крытычна настроеныя ў адносінах да ўладаў некамерцыйныя арганізацыі, як абмяжоўваўся пералік паслугаў, якія яны маглі даць грамадству, як фактычна была забароненая экспертыза па цэлых кірунках дзяржаўнай палітыкі, што можна прыраўняць да наўмыснай атакі на свабоду слова.

«Закон аб «замежных агентах» быў распрацаваны, каб скаваць, затаўраваць, і ў канчатковым выніку прымусіць замаўчаць крытычныя НКА. Пад яго дзеянне падпала шырокае кола НКА, яго прымяненне звязана са значнымі стратамі ў якасці грамадскай дыскусіі ў Расіі і з парушэннямі індывідуальных правоў. Канчаткова прайграўшымі з'яўляюцца не столькі НКА, колькі расійскае грамадства ў цэлым», - заявіў Сяргей Нікіцін, кіраўнік прадстаўніцтва Amnesty International у Расіі.

За апошнія чатыры гады 148 арганізацый былі ўключаныя ў спіс «замежных агентаў», з іх 27 былі вымушаныя зачыніцца. Гэтыя НКА выконвалі важную ролю ў абароне правоў простых грамадзян. У многіх выпадках яны прадастаўляюць паслугі, якія дзяржава не ў стане забяспечыць, напрыклад, юрыдычную абарону ці псіхалагічную падтрымку ахвяраў дыскрымінацыі або гвалту, а таксама экалагічны маніторынг. Праца гэтых арганізацый, якія робяць жыццёва важны ўнёсак у дабрабыт насельніцтва Расіі, у цяперашні час альбо заблакаваная або знаходзіцца пад пагрозай блакавання, паколькі яны рызыкуюць атрымаць абвінавачванні - калі ўжо іх не атрымалі - у тым, што займаюцца «палітычнай дзейнасцю».

Папраўкі да закона аб «замежных агентах», прынятыя ў чэрвені гэтага года, паслужылі толькі пашырэнню паняцця «палітычнай дзейнасці», якой зараз можа лічыцца любы каментар адносна дзяржаўнай палітыкі ў той ці іншай сферы або дзеянняў службовых асобаў.

Amnesty International вывучыла выпадкі больш яу дзясятака грамадскіх арганізацый, уключаных у спіс «замежных агентаў», і правяла інтэрв'ю з іх кіраўніцтвам і супрацоўнікамі. Гэта былі арганізацыі, якія працуюць па шырокім коле пытанняў, уключаючы: дыскрымінацыю, абарону правоў жанчын і ЛГБТІ, захаванне гістарычнай памяці, навуковыя даследаванні, рэформу крымінальнага правасуддзя і пенітэнцыярнай сістэмы, правы спажыўцоў, а таксама ахову навакольнага асяроддзя. Іх усіх аб'ядноўвае тое, што яны імкнуліся прыцягнуць грамадскасць да крытычнага абмеркавання дзяржаўнай палітыкі.

Хоць фінансаванне НКА за кошт прыватных асобаў і кампаній у Расіі заўсёды было абмежаванае, доступ да яго стаў яшчэ больш цяжкім, дзякуючы агрэсіўнай дэманізацыі НКА ў расійскіх СМІ. Што тычыцца закона аб «замежных агентах», то яго мэта заключалася ў тым, каб фінансаванне з-за мяжы - фактычна адзіная альтэрнатыўная крыніца сродкаў для НКА - прыносіла значныя рэпутацыйныя і юрыдычныя рызыкі.

«Цалкам зразумела, што галоўнай мэтай расійскіх уладаў было задушыць рост крытычна настроеных арганізацый грамадзянскай супольнасці і замяніць іх пакорлівымі і залежнымі прыхільнікамі дзяржаўнай палітыкі. Такая стратэгія выпаленай зямлі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці - зусім не ў доўгатэрміновых інтарэсах Расіі», - лічыць Сяргей Нікіцін.

Закон аб «замежных агентах» выразна прапісвае, што дзейнасць па абароне расліннага і жывёльнага свету не разглядаецца як «палітычная», і тым не менш, па меншай меры 21 экалагічная арганізацыя была ўключаная ў рэестр «замежных агентаў».

Напрыклад, экалагічны цэнтр «Дронт», які базуецца ў Ніжнім Ноўгарадзе, быў уключаны ў спіс на той падставе, што ён атрымаў фінансаванне з трох «замежных» крыніц. Гэта былі 500 рублёў за падпіску на яго газету «Берагіня» ад іншага «замежнага агента», «Бялона-Мурманск», ужо пагашаны да таго часу крэдыт ад яшчэ адной экалагічнай НКА-«замежнага агента», пецярбургскай арганізацыі «Зялёны Свет», але, што больш за ўсё здзівіла, у крыніцы замежнага фінансавання быў уключаны і грант ад фонду Рускай Праваслаўнай Царквы «Супрацоўніцтва». 

«Аказалася, [царква] атрымлівае некаторы прыток грашовых сродкаў з Кіпра, і менавіта таму наша рэгіянальнае міністэрства юстыцыі (у строгай адпаведнасці з законам, заўважце) палічыла гэтыя грошы «замежнымі». Гэта дзіўная, сюррэалістычная сітуацыя», - заявіў Amnesty International кіраўнік «Дронта» Ашкат Каюмаў.

Пасля накладання на «Дронт» штрафу ў памеры 300 000 рублёў 1 лютага 2016 года кіраўніцтва арганізацыі прыняло рашэнне часова прыпыніць сваю дзейнасць да таго часу, пакуль яна не будзе выдаленая са спісу «замежных агентаў». «Дронт» працягнуў працу як незарэгістраваны грамадскі рух.

Калі справа «Дронта» служыць прыкладам павольнага задушвання арганізацыі, то нападкі на «Саюзу жанчын Дону» паказальныя як кампанія зацятага пераследу асобна ўзятай НКА ўладамі. Гэта была адна з першых арганізацый, якая падпадала пад дзеянне закона аб «замежных агентах» ў 2014 годзе, калі Міністэрства юстыцыі атрымала права ўключаць арганізацыі ў свой рэестр самастойна. Каб працягнуць працу без абмежаванняў, актывісты стварылі новую арганізацыю, «Фонд жанчынаў Дону», але і яна ў кастрычніку 2015 году была абвешчаная «замежным агентам». Больш за тое, 24 чэрвеня 2016 году кіраўнік фонду Валянціна Чараваценка была праінфармаваная аб тым, што ў дачыненні да яе распачатая крымінальная справа па артыкуле 330.1 КК РФ, «злоснае ўхіленне ад выканання абавязкаў, вызначаных заканадаўствам Расійскай Федэрацыі аб некамерцыйных арганізацыях, якія выконваюць функцыі замежнага агента». Калі яе прызнаюць вінаватай, Чараваценка можа пагражаць да двух гадоў пазбаўлення волі.

Amnesty International заклікае расійскія ўлады адмяніць закон аб «замежных агентах» і адмяніць адвольна накладзеныя абмежаванні на дзейнасць НКА.

«Расійскія ўлады павінны знайсці ў сабе сілы, каб прыняць канструктыўную крытыку з боку арганізацый грамадзянскай супольнасці і навучыцца працаваць з імі - а не супраць іх. Першым крокам на гэтым шляху з'яўляецца адмена закона аб «замежных агентах» і іншых абмежаванняў працы НКА», - лічыць Сяргей Нікіцін.

Інфаграфіка ад Amnesty International:

Інтэрактыўная карта: колькі арганізацый у Расіі названыя «замежнымі агентамі»?

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства