viasna on patreon

Суд над Аляксандрам Баразенкам: пагражаюць канфіскацыяй тэхнікі

2017 2017-10-10T09:48:54+0300 2017-10-10T09:49:30+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/barazenka-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Журналіст Аляксандр Баразенка ў судзе. Фота: baj.by

Журналіст Аляксандр Баразенка ў судзе. Фота: baj.by

10 кастрычніка ў судзе Першамайскага раёна Мінска аднаўляецца працэс над аператарам тэлеканала «Белсат» Аляксандрам Баразенкам, якога вінавацяць у нібыта парушэнні аўтарскіх правоў на гандлёвы знак «Белсат». Пра суд паведамляе Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў". 

Пасля затрымання яшчэ ў сакавіку Аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі склаў на Баразенку пратакол па артыкуле 9.21 КаАП Беларусі. Баразенку дапытвалі ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна, дзе журналіст адбываў 15-суткавы арышт, паралельна з чым наляпілі на яго відэатэхніку самаробныя налепкі з лагатыпам тэлеканала "Белсат" і забралі яе да рашэння суда.

Паралельна з гэтым 31 сакавіка ў офісах тэлеканала прайшлі ператрусы, міліцыя ў межах гэтай жа справы па аўтарскім праве забрала тэхніку з двух памяшканняў, а таксама асабістую тэхніку яшчэ аднаго журналіста – Аляксандра Любенчука. Журналісты «Белсата» называюць справу відавочнай правакацыяй з мэтай адабраць тэхніку, а таксама аказаць ціск на тэлеканал і супрацоўнікаў.

У жніўні суд ужо разглядаў дадзеную справу. Тады ў судзе выступіў аўтар міліцэйскага пратакола Уладзіслаў Падрэз, а таксама шэраг сведкаў, якія пацвердзілі словы журналіста пра адсутнасць маркіроўкі «Белсат» на тэхніцы.

З-за наяўнасці вялікай колькасці парушэнняў суддзя Дзмітрый Цыкал тады адправіў пратакол у міліцыю на дапрацоўку. Пратакол дапрацавалі і зноў вярнулі ў суд, дзе і адбудзецца працэс.

Калі журналіста прызнаюць вінаватым, яму пагражае штраф ад 460 да 1 150 рублёў, а таксама канфіскацыя усёй тэхнікі, забранай у самога Баразенкі і на офісах тэлеканала.

***

Справа вакол таварнага знаку «Белсат» цягнецца амаль пяць гадоў. Паводле ўладальніка фірмы «БЕЛСАТплюс»  тэлеканал парушае інтарэсы ягонага бізнесу. Прадпрымальнік звярнуўся ў Вярхоўны суд, але ён не задаволіў ягоныя патрабаванні. Тады ўласнік фірмы «БЕЛСАТплюс» намагаўся забараніць тэлеканалу выкарыстоўваць таварны знак «Белсат ТВ» («Belsat TV»). Але Вярхоўны Суд палічыў патрабаванні неабгрунтаванымі.

Паўторны разгляд справы ініцыяваў прэзідыум Вярхоўнага суду, а справу разглядаў іншы склад суддзяў. 4 верасня 2014 году суд задаволіў пазоў Андрэя Белякова і забараніў тэлеканалу выкарыстоўваць гандлёвы знак «Белсат ТВ» пры трансляцыі на тэрыторыю Беларусі ды на інтэрнэт-старонцы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства