viasna on patreon

АБСЕ і ЕС заклікалі неадкладна вызваліць затрыманых журналістаў і актывістаў у Беларусі

2020 2020-05-13T11:18:40+0300 2020-05-13T11:18:40+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/burakov_sud_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
У суд прывезлі Алеся Буракова. Фота: Радыё Свабода

У суд прывезлі Алеся Буракова. Фота: Радыё Свабода

Як паведамляюць naviny.by, прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Арлем Дэзір асуджае арышты ў Беларусі журналістаў. У сваёй заяве ён заклікаў неадкладна вызваліць усіх затрыманых журналістаў.

"Мяне трывожаць затрыманні і арышты журналістаў Міхаіла Аршынскага, Дзмітрыя Лупача, Алеся Асіпцова і Аляксандра Буракова за іх меркаваны ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, — адзначыў Дэзір. — У журналістаў павінна быць магчымасць інфармаваць пра падзеі, якія ўяўляюць грамадскую цікавасць, у тым ліку і грамадскія пратэсты. Я вельмі занепакоены гэтым рашэннем, якое парушае свабоду СМІ".

11 траўня суды Кастрычніцкага раёна Магілёва і Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі журналістаў Міхаіла Аршынскага і Дзмітрыя Лупача. Абодва асвятлялі ў сваіх гарадах сустрэчы з гомельскім блогерам youtube-канала "Краіна для жыцця" Сяргеем Ціханоўскім.

У судзе Лупачу стала дрэнна, яго шпіталізавалі з гіпертанічным крызам. Журналіст знаходзіцца ў рэанімацыі ў Глыбоцкай раённай бальніцы.

12 траўня суд Ленінскага раёна Магілёва вынес пастанову аб арышце журналіста і праваабаронцы рэгіянальнага аддзялення закрытага ўладамі цэнтра «Вясна» Аляксандра Буракова, які супрацоўнічае з нямецкай радыёстанцыяй Deutsche Welle, а суд Кастрычніцкага раёна гэтага абласнога цэнтра — аб арышце пазаштатнага карэспандэнта БелаПАН Алеся Асіпцова, які абвясціў галадоўку пратэсту.

Буракова абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі 6 траўня каля ізалятара часовага ўтрымання ў Магілёве, Асіпцова — ва ўдзеле ў сустрэчы з Ціханоўскім. Абодва працавалі на гэтых мерапрыемствах.

Беларуская асацыяцыя журналістаў запатрабавала ад уладаў вызваліць арыштаваных за апошнія дні калег і перагледзець ініцыяваныя ў дачыненні да іх адміністрацыйныя справы.

Як піша TUT.BY, затрыманні мірных дэманстрантаў у Беларусі выклікаюць асаблівую занепакоенасць у сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі. Пра гэта заявіў БелаПАН прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Петэр Стана.

Ён падкрэсліў, што затрыманні і суды над дзесяткамі ўдзельнікаў мірных акцый, што прайшлі ў апошнія дні, "парушаюць асноватворную свабоду сходаў".

"Свабода сходаў і асацыяцый з'яўляюцца краевугольным каменём дэмакратыі, і беларускія ўлады абавязаныя паважаць і абараняць іх у адпаведнасці з міжнароднымі абавязаннямі краіны, — сказаў Стана. — Еўрапейскі Саюз рашуча выступае супраць любых неабгрунтаваных абмежаванняў права на свабоду мірных сходаў".

Па яго словах, ЕС рэгулярна абмяркоўвае гэта пытанне з беларускімі партнёрамі, асабліва ў рамках двухбаковага дыялогу па правах чалавека, і мае намер рабіць гэта ў далейшым.

"Тыя, хто быў затрыманы падчас рэалізацыі сваіх асноўных свабодаў, павінны быць вызваленыя, і любыя наступныя судзімасці (звязаныя з гэтымі затрыманнямі. — БелаПАН.) павінны быць адмененыя", — сказаў Стана.

Нагадаем, 11-12 траўня ў розных гарадах краіны прайшлі суды над удзельнікамі акцый салідарнасці з гомельскім блогерам YouTube-канала "Краіна для жыцця" Сяргеем Ціханоўскім, які цяпер адбывае 15-сутачны арышт у Гомельскім ІЧУ. Больш за 50 чалавек атрымалі арышты тэрмінам ад 2 да 25 сутак. Некаторыя актывісты яшчэ знаходзяцца ў чаканні суда.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства