viasna on patreon

Беларускі ўрад адказаў Камітэту ААН на скаргу мінскага музыкі

2020 2020-06-17T13:41:37+0300 2020-06-17T13:42:02+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kancert_k.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларускія ўлады адрэагавалі на індывідуальнае паведамленне вакаліста мінскай музычнай групы Дзмітрыя ў Камітэт па правах чалавека ААН, зарэгістраванага пад нумарам 3735/2020. Музыка паскардзіўся ў ААН на ўмяшальніцтва беларускіх уладаў у свабоду творчага выказвання меркавання.

kancert_k.jpg
Ілюстрацыйнае фота з канцэрту "Рок за жыццё-2019". Фота: spring96.org

У чым справа?

Нагадаем, музыка Дзмітрый чатыры гады з'яўляўся вакалістам мінскай музычнай групы, якая рэгулярна выступала ў розных гарадах Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Чэхіі і Германіі. Гэтай групай зацікавіўся ГУБАЗіК МУС. Прычынамі такой павышанай цікавасці сталі пяць песень гэтай групы, якія, на думку ўладаў, нібыта ўтрымлівалі заклікі да звяржэння ўлады неканстытуцыйным шляхам. У адносінах да вакаліста гэтай музычнай групы супрацоўнікі ГУБАЗіК выпрабавалі шэраг метадаў ціску на чалавека: вярбоўка, пагроза ЛПП і пазбаўленнем волі па артыкуле 130 Крымінальнага кодэкса. У выніку Дзмітрыю вынеслі афіцыйнае папярэджанне "аб недапушчальнасці здзяйснення дзеянняў, якія могуць ўгледжваць прыкметы экстрэмізму". У папярэджанні ГУБАЗіКа і іншых дакументах не было адзначана, якія менавіта фразы ў тэксце песен расцэньваюцца імі як праява экстрэмізму.

У індывідуальным звароце музыка просіць Камітэт ААН не толькі прызнаць факт парушэння дзяржавай яго правоў, абавязаць Беларусь прадаставіць яму эфектыўны сродак прававой абароны, уключаючы выплату належнай кампенсацыі, але і рэкамендаваць дзяржаве перагледзець антыэкстрэмісцкае заканадаўства, каб не надзяляць законам шырокімі паўнамоцтвамі дзяржаўныя органы.

Індывідуальнае паведамленне вакаліста мінскай музычнай групы аб умяшальніцтве беларускіх уладаў у свабоду творчага выказвання меркавання было зарэгістравана ў Камітэце па правах чалавека ААН 16 красавіка 2020 года. У сувязі з пандэміяй дзяржаве быў прадастаўлены для каментароў не шасцімесячны тэрмін, як звычайна, а восем месяцаў для прадстаўлення сваёй пазіцыі па паведамленні музыканта.

Падрабязней пра гэты кейс тут:

koncert_12.jpg

Музыка паскардзіўся на беларускія ўлады ў ААН

Вакаліст мінскай музычнай групы з дапамогай юрыста "Вясны" Аляксея Лойкі звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН з індывідуальным паведамленнем аб умяшальніцтве дзяржавы ў свабоду творчага выказвання меркавання.

Якую пазіцыю занялі беларускія ўлады?

Беларускія ўлады адрэагавалі на паведамленне мінскага музыкі праз тры месяцы пасля накіравання Камітэтам ААН паведамлення. Дзяржава настойвае, што ўсе яе дзеянні ў адносінах да Дзмітрыя былі законныя і наогул індывідуальнае паведамленне музыканта трэба прызнаць непрымальным, бо заяўнікам нібы не былі вычарпаныя ўсе наяўныя ўнутраныя сродкі прававой абароны. Гаворка ідзе пра надзорную інстанцыю. 

"Устаноўленыя законам прававыя і арганізацыйныя асновы процідзеяння экстрэмізму, накіраваныя на абарону правоў, свабод і законных інтарэсаў асобы, канстытуцыйнага ладу і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, забеспячэння бяспекі грамадства і дзяржавы, не могуць разглядацца як абмежаванне названых правоў па сэнсе пункта 3 артыкула 19 Пакта", — зрабілі выснову беларускія чыноўнікі па скарзе Дзмітрыя.

Акрамя таго, беларускі ўрад заверыў ААН, што Дзмітрыю "у поўнай меры было забяспечана права на справядлівае і публічнае разбіральніцтва справы кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом, створаным на падставе закона, а таксама на перагляд справы вышэйстаячай судовай інстанцыяй згодна з законам".

А як лічыць праваабаронца?

Абаронай правоў Дзмітрыя займаецца юрыст "Вясны" Аляксей Лойка. На яго думку, беларускія ўлады, калі рыхтавалі адказ у ААН, не паглыбіліся ў сутнасць паведамлення і не зрабілі ацэнку довадаў, якія адлюстраваны ў паведамленні музыкі.

"Фактычна адказ зводзіцца да таго, што службовыя асобы ўзялі наша паведамленне і перапісалі ўсю храналогію справы да звароту ў КПЧ, спаслаўшыся на невычэрпванне магчымасці звароту да генеральнага пракурора. На жаль, мы так і не дачакаліся контраргументаў, што дазваляе сцвярджаць аб тым, што іх проста не маецца ў апанента.

"Адпрацаваны" прыём нашай дзяржавы аб тым, што чалавек не вычарпаў усіх сродкаў прававой абароны, тут у прынцыпе не дарэчны, таму што перад задзейнічаннем грамадзянска-прававога спосабу абароны перш за ўсё мы звярталіся ў Генпракуратуру. Таму з вялікім сумам даводзіцца шкадаваць аб тым, наколькі неэфектыўна выкарыстоўваюцца грошы падаткаплацельшчыкаў, якія ідуць на такую няякасную і павярхоўную працу дзяржорганаў пры камунікацыі з міжнародна-прававымі органамі", — каментуе афіцыйны адказ дзяржавы Аляксей Лойка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства