viasna on patreon

У Віцебску, Лідзе і Навагрудку прайшлі чарговыя суды за акцыі салідарнасці

2020 2020-07-02T09:02:08+0300 2020-07-02T09:11:56+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/salamanenka_sud_0107.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У сераду 1 ліпеня ў Віцебску, Лідзе і Навагрудку прайшлі чарговыя суды над актывістамі за ўдзел у акцыях салідарнасці, якія праходзілі ў гарадах цягам апошніх двух тыдняў. 

Віцебск

У судзе Першамайскага раёну Віцебску за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.3 арт. 23.34) судзілі валанцра ініцыятыўнай групы Ціханоўскай Аляксея Саламаненку, актывістку БХД Таццяну Севярынец і віцябляніна Алега Паўлава. Усіх аштрафавалі на буйныя сумы, паведамляе "Віцебская Вясна".

Адміністрацыйную справу Аляксея Саламаненкі разглядала суддзя Вераніка Барысава. Паводле міліцэйскага пратаколу, 19 чэрвеня актывіст «узяў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні, стоячы ў ланцугу грамадзян і выказваючы свае грамадскія інтарэсы».

На судзе Аляксей спрабаваў давесці, што інтарэсаў не выказваў – проста дапамог усталяваць палатку ініцыятыўнай групе Ціханоўскай ды паставіў подпіс за Бабарыку. Хадайнічаў таксама, каб у суд у якасці сведкаў выклікалі міліцыянтаў Склімянка і Дарагенскага, але ягоную просьбу суддзя адхіліла.

Аляксей Саламаненка на судзе

Вераніка Барысава прызнала Аляксея Саламаненку вінаватым і аштрафавала яго на 50 базавых велічынь (1350 рублёў). Гэта ўжо чацвёрты штраф, якім пакараны Аляксей Саламаненка цягам двух апошніх месяцаў паводле арт. 23.34 КаАП. Агулам віцебскія суды аштрафавалі яго на 125 базавых велічынь (3375 рублёў).

Па вельмі падобных сцэнарах праходзілі суды над Таццянай Севярынец і Алегам Паўлавым. Справу Таццяны Севярынец разбіраў суддзя Міхаіл Юрчанка. Актывістка таксама хадайнічала, каб на суд выклікалі сведак-міліцыянтаў, але суддзя хадайніцтва не задаволіў. У выніку прызнаў Таццяну Севярынец вінаватай ва ўдзеле ў масавым мерапрыемстве 19 чэрвеня (ч.3 арт. 23.34 КаАП) і аштрафаваў актывістку на 35 базавых велічынь (945 рублёў).

Алег Паўлаў за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці» таксама быў пакараны штрафам – у памеры 40 базавых велічынь (1080 рублёў). Такое пакаранне паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП прызначыла яму суддзя Натальля Карабліна.

Ліда

У Навагрудку 25 базавых велічынь штрафу (675 рублёў) прысудзілі Дзянісу Ляўковічу. Мужчына быў затрыманы на пярэдадні за ўдзел у аўтапрабегу салідарнасці, які зладзілі жыхары Ліды ў нядзелю 28 чэрвеня. Таксама Ляўковіч атрымаў штраф ад ДАІ памерам у 40 рублёў.

Навагрудак

Праваабаронцы даведаліся, што ў горадзе адбыліся яшчэ два суды над удзельнікамі мясцовага "Ланцугу салідарнасці" - мужам і жонкай Віталём і Вікторыяй Самсонавымі. 30 чэрвеня Вікторыю Самсонаву прысудзілі да штрафу ў 10 базавых велічынь (270 рублёў) і на наступны дзень яе муж атрымаў штраф такога жа памеру. Такім чынам, за акцыю салідарнасці ў Навагрудку, якая прайшла 21 чэрвеня, штрафы атрымалі 9 чалавек. Наперадзе - яшчэ адзін суд над Аленай Печка. 

Таксама 1 чэрвеня ў Навагрудку быў затрыманы да суда Дзмітрый Гомза. Верагодна, таксама за ўдзел у "Ланцугу салідарнасці". 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства