У Магілёве судзяць праваабаронцаў "Вясны": кожнаму Аляксандру Буракову - 10 сутак арышту Відэа Дапоўнена
7 жніўня ў 10.30 распачаўся суд на нашым калегам, праваабаронцам і журналістам з Магілёва Аляксандрам Бураковым-старэйшым.
На працэсе прысутнічаюць праваабаронца "Вясны" Барыс Бухель і юрыст БАЖ Алег Агееў.
Аляксандр Буракоў перад судом паведаміў, што Уладзімір Лапцэвіч быў збіты.
Справу праваабаронцы будзе разглядаць суддзя Ленінскага суда Вікторыя Палякова. Аляксандра вінавацяць у “дробным хуліганстве” (арт. 17.1 КаАП). Аляксандр Буракоў заяўляў адвод суддзі, бо мінулы раз яна ўжо судзіла праваабаронцу і арыштавала яго на 10 сутак. Адвод суддзя Палякова адхіліла.
Віну сваю праваабаронца не прызнаў. Ён распавёў, што пасля затрымання, яго выводзілі на вуліцу на тэрыторыі РУУС. Там да яго падыйшла невядомая жанчына, якая пачала абапіраючыся локцем на Аляксандра Буракова нібыта падаць, пасля чаго плакала і нешта крычала. Нібыта праваабаронца яе піхнуў. Пасля гэтага яго адвялі ў будынак РУУС і склалі пратакол. Аляксандр Буракоў паведаміў суду, што ніколі нікога не піхаў і не збіваў.
Сведкамі на судзе выступіў намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку Ленінскага РАУС Павел Башарымаў, а таксама праваабаронца Барыс Бухель.
Суддзя адмовілася выклікаць на пасяджэнне пацярпелую жанчыну. Стала зачытваць пратакол яе апытання.
Аляксандр Буракоў заявіў, што лічыць учыненую правакацыю супраць яго, падставай для таго, каб не дапусціць праваабаронцу і журналіста да выканання яго прафесійных абавязкаў падчас выбарчай кампаніі.
У судзе аб'яўлены перапынак да 15.00.
Пасля перапынку суддзя Вікторыя Палякова палічыла віну Аляксандра Буракова даказанай і пакарала яго адміністрацыйным арыштам на 10 сутак.
Таксама сёння адбудзецца суд над журналістам Уладзімірам Лапцэвічам. Працэс пачнецца ў 14-30, справу будзе разглядаць суддзя таго ж Ленінскага суда Алена Літвіна. Журналіст у знак пратэсту аб'явіў галадоўку.
Меркавана, сёння разгледзяць справу і супраць Алеся Буракова-малодшага, які быў затрыманы каля будынку суда 6 жніўня, калі прыйшоў на маніторынг адміністрацыйных працэсаў сваіх калегаў. Працэс прызначаны на 16.00, на Алеся Буракова быў складзены адміністрацыйны пратакол па ч. 3 арт. 23.34 КаАП - удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Суддзіць праваабаронцу будзе Наталля Панасенка.
Алеся Буракова даставілі ў суд.
Прадметам разгляду ў судзе стала акцыя, якая адбылася ў Магілёве 14 ліпеня - у той дзень ЦВК абвясціў аб адмове ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу кандыдатамі на выбарах. На думку міліцыі, Алесь удзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве, пляскаў у далоні. На самай справе ён толькі здалёк назіраў за тым, што адбывалася, і рабіў фотаздымкі.
Алесь Буракоў-малодшы быў асуджаны на адміністрацыйны арышт тэрмінам 10 сутак.
Нагадаем, Аляксандр Буракоў і Уладзімір Лапцэвіч былі затрыманыя 5 жніўня каля 19.00 супрацоўнікамі ДАІ і дастаўленыя ў РАУС Ленінскага раёна. Увечары, каля будынку РАУС, супраць Аляксандра Буракова была зробленая правакацыя.
Патрабуем неадкладнага вызвалення праваабаронцы ПЦ “Вясна” і назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Аляксандра Буракова
Заява прадстаўнікоў кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары".