viasna on patreon

Лаўрэаты “альтэрнатыўнага Нобеля” і еўрапейскія палітыкі заклікаюць спыніць пераслед праваабаронцаў у Беларусі

2020 2020-12-02T11:12:40+0300 2020-12-02T14:39:51+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/right_livelihood_2020_banner.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

29 парламентарыяў з Германіі і Швецыі, а таксама міністр замежных справаў Германіі Хайка Маас патрабуюць спыніць пераслед мірных дэманстрантаў і праваабаронцаў у Беларусі, гаворыцца ў тэрміновым звароце, апублікаваным на сайце прэміі “За годны лад жыцця”.

У лісце, падпісаным Маасам, шасцю нямецкімі і 23 шведскімі дэпутатамі, асуджаецца няспынны пераслед Праваабарончага цэнтра "Вясна", які сёлета атрымаў гэтую прэстыжную прэмію “за рашучую барацьбу за рэалізацыю дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі”.

Аўтары звароту патрабуюць неадкладнага і безумоўнага вызвалення праваабаронцаў "Вясны" Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка, якія па-ранейшаму знаходзяцца ў СІЗА за сваю праваабарончую дзейнасць.

“За апошнія месяцы мільёны беларусаў, якія змагаюцца за свае правы, зазналі беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі з боку ўладаў. Ахвярамі рэпрэсіяў сталі жыцці людзей”, — сказаў лаўрэат прэміі за 2020 год Алесь Бяляцкі. “Беларускаму народу патрэбная актыўная падтрымка з боку міжнароднай супольнасці сёння і цяпер, калі мы не хочам, каб Беларусь ператварылася ў адзін вялікі канцэнтрацыйны лагер ГУЛАГ.”

У асобнай петыцыі трыццаць адзін лаўрэат прэміі “За годны лад жыцця” далучыўся да заклікаў заканадаўцаў з Германіі і Швецыі з патрабаваннем спыніць пераслед праваабаронцаў у Беларусі.

Сярод падпісантаў Фрэнсіс Мур Лапэ (ЗША), Сулак Сіваракса (Тайланд), Б'янка Джагер (Нікарагуа), Сіма Самар (Афганістан) і Элін Уэйр (Новая Зеландыя).

Еўрапейскія палітыкі і лаўрэаты прэміі таксама заклікаюць беларускія ўлады спыніць беспакаранасць вінаватых у парушэннях правоў чалавека і забяспечыць актывістам грамадзянскай супольнасці ўмовы для мірнай праваабарончай дзейнасці без запалохвання і пакарання.

Абвяшчэнне пераможцаў прэміі, якую часта называюць “альтэрнатыўным Нобелем”, адбылося 1 кастрычніка. Акрамя “Вясны” ўзнагароду атрымалі іранская адвакатка Насрын Сатудэх, амерыканскі актывіст руху за грамадзянскія правы Браян Стывенсан і экаактывістка Лоці Канінгем Рэн з Нікарагуа.

Сёння, 2 снежня, а 18-й ​​гадзіне па беларускім часе Алесь Бяляцкі будзе браць удзел у дыскусіі па сітуацыі ў Беларусі. Трансляцыю глядзіце тут.

Заўтра, 3 снежня, а 20-й гадзіне па беларускім часе адбудзецца цырымонія ўручэння прэміі “За годны лад жыцця”. Мерапрыемства будзе транслявацца анлайн.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства