"Мы не спынім сваёй праваабарончай дзейнасці". Заява Праваабарончага цэнтру "Вясна"
Заява Праваабарончага цэнтру "Вясна"
14 ліпеня 2021 года
14 ліпеня 2021 г. у Беларусі ўлады зноў здзейснілі атаку на праваабарончыя і іншыя грамадскія арганізацыі, праваабаронцаў і актывістаў: адбыліся ператрусы ў офісах Беларускай асацыяцыі журналістаў, Беларускага Хельсінкскага камітэта, Цэнтра прававой трансфармацыі «Lawtrend», Руху "За Свабоду", Аб'яднання беларусаў свету "Бацькаўшчына", арганізацыі "Гендарныя перспектывы", у Офісе еўрапейскай экспертызы і камунікацыі і іншых. Пасля ператрусаў у кватэрах затрыманыя сябры ПЦ "Вясна": сябра Рады арганізацыі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Сяргей Сыс, Віктар Сазонаў, Алег Мацкевіч, Алена Лапцёнак, Ігар Казмерчак, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэй Палуда, а таксама праваабаронца Яўгенія Бабаева.
Таксама з ранку адсутнічае сувязь са старшынём Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесем Бяляцкім.
З ператрусамі прыйшлі да праваабаронцаў "Вясны": наступ на НДА ў Беларусі працягваецца
У сувязі з дадзенымі падзеямі Праваабарончы цэнтр "Вясна" чарговы раз заяўляе:
ПЦ "Вясна", як і нашы калегі-праваабаронцы ў краіне і за яе межамі, пераследуе выключна легітымныя мэты і ажыццяўляе мірную дзейнасць па абароне правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі, гарантаваных як Канстытуцыяй краіны, так і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека. Любы ціск і пераслед сябраў нашай арганізацыі за ажыццяўленне такой дзейнасці з'яўляецца палітычна матываваным пераследам, які мае на мэце знішчэнне нашай арганізацыі і ў цэлым - свабоды асацыяцый у Беларусі.
Мы ўпэўнена заяўляем, што сапраўдным матывам пераследу з'яўляецца наша агульная з усёй праваабарончай супольнасцю Беларусі бескампрамісная барацьба за зацвярджэнне і прасоўванне правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасцяў, супраць катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання, а таксама нашы дзеянні ў абарону права на жыццё, свабоды выказвання меркаванняў і мірных сходаў – у тым ліку цяпер, ва ўмовах глыбокага крызісу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
Мы выказваем рашучы пратэст з нагоды чарговай хвалі рэпрэсій у дачыненні да сябраў арганізацыі і супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі ў цэлым і заяўляем, што не спынім сваёй праваабарончай дзейнасці.
Мы патрабуем неадкладна вызваліць затрыманых Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, Андрэя Палуду, Сяргея Сыса, Алену Лапцёнак, Алега Мацкевіча, Ігара Казмерчака і іншых праваабаронцаў і актывістаў.
Мы паўтараем патрабаванне вызваліць з-пад варты сябраў нашай арганізацыі Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленку і Таццяну Ласіцу.
Мы патрабуем спыніць рэпрэсіі ў краіне і вызваліць усіх палітычных зняволеных.
Мы заклікаем міжнародныя арганізацыі і праваабаронцаў ўсіх краін выказаць свой рашучы пратэст супраць далейшага грубага парушэння правоў чалавека і пераследу праваабаронцаў у Беларусі.