viasna on patreon

Палітвязня Паўла Пяскова будуць судзіць за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі"

2022 2022-06-03T08:38:27+0300 2022-06-03T09:41:52+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pesov_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Бабруйска і Бабруйскага раёна 14 чэрвеня будзе разглядацца крымінальная справа супраць палітзняволенага маладзечанца Паўла Пяскова, асуджанага за патасоўку з амапаўцамі да трох гадоў і трох месяцаў калоніі. Гэта быў першы палітычна матываваны прысуд за падзеі 2020 года. Тэрмін палітвязень адбывае ў бабруйскай калоніі № 2. Цяпер Паўла будуць судзіць па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса — злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Раней праваабаронцам стала вядома пра ціск адміністрацыі калоніі на Пяскова — яго рэгулярна змяшчалі ў ШІЗА. 

Павел Пяскоў. Фота: spring96.org

Павел Пяскоў — першы, хто атрымаў палітычны прысуд за падзеі пасля выбараў 2020 года. Ён быў абвінавачаны ў супраціўленні супрацоўнікам АМАПу з ужываннем гвалту падчас затрымання сілавікамі мірных пратэстоўцаў на акцыі 19 чэрвеня 2020 года ў г. Маладзечна. У той дзень міліцыя адвольна, з ужываннем непрапарцыйнага гвалту затрымала аднаго з прысутных пратэстоўцаў, сцвярджаючы, што той актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Павел Пяскоў знаходзіўся побач з некалькімі дзесяткамі гараджан, якія спрабавалі не даць затрымаць удзельнікаў мірнага сходу. 

Пяскова абвінавацілі ў супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў, звязаным з ужываннем гвалту (ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса) на акцыі, на якой амапавец дастаў пісталет. Паўла асудзілі да трох гадоў і трох месяцаў калоніі.

У красавіку праваабаронцам стала вядома, што на Паўла цісне адміністрацыя папраўчай калоніі № 2. Першы раз Паўла закінулі ў ШІЗА яшчэ ў студзені і з таго часу гэта спагнанне па надуманых прычынах выкарыстоўваюць супраць яго рэгулярна.

Суд адбудзецца ў Дзень народзінаў Паўла — 14 чэрвеня. Крымінальную справу будзе разглядаць суддзя Павел Карцінін. Пакуль невядома, дзе адбудзецца працэс: ці ў будынку суда, ці ў калоніі. 

Паводле дадзеных праваабаронцаў, за апошні год як мінімум 24 палітзняволеных перавялі ў турму, замяніўшы рэжым на больш жорсткі, і супраць яшчэ сямі распачалі крымінальныя справы па арт. 411 Крымінальнага кодэкса.


Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці:

ПК № 2, 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1
Павел Андрэевіч Пяскоў

Як палітвязняў працягваюць пераследаваць у калоніях

«Вясна» распавядае, якія метады пакарання выкарыстоўвае адміністрацыя калоній супраць палітвязняў і хто з палітычных вязняў прызнаны «злоснымі парушальнікамі рэжыму».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства