Беларусі не вернуць прэферэнцыі Еўразвяза
Намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка паведаміў, што Беларусь не зможа вярнуцца ў Генеральную сістэму прэферэнцый Еўразвяза раней за 2009 год.
"Нават пры ўмове, што ўсе краіны ЕЗ будуць згодныя з вяртаннем Беларусі прэферэнцый, патрабуецца час. Пры самым аптымістычным прагнозе гэта магчымае не раней за 2009 год", – заявіў Андрэй Еўдачэнка.
Дадзеная праблема была закранутая падчас пасяджэння дзелавога Савета Беларусь–ЕЗ у Менску. "На сустрэчы прысутнічалі адвакаты, якія займаюцца такой тэматыкай, мы чакаем ад іх пэўных рэкамендацый, як лепш дзейнічаць", – заявіў намеснік міністра Беларусі.
Намеснік міністра нагадаў, што ў 2007 годзе Еўракамісіяй была скасаваная агульная сістэма прэферэнцый ЕЗ у дачыненні Беларусі. "Гэта працяглае пытанне з працяглай гісторыяй, – лічыць Андрэй Еўдачэнка. – Еўразвяз тут пайшоў нават нашмат далей, чым сама Міжнародная арганізацыя працы (МАП). Натуральна, мы спрабуем вырашаць гэтае пытанне з еўрапейскімі структурамі".
Учора на перамовах у Менску ў складзе дзелавога савета "Беларусь–ЕЗ" прысутнічалі еўрапейскія адвакаты, якія займаюцца гэтай тэматыкай ужо шмат гадоў. "Мы б хацелі атрымаць ад іх рэкамендацыі, як гэта лепш зрабіць", – сказаў намеснік міністра. У гэтым звязку тут можа быць ужытая пакрокавая стратэгія па вяртанні Беларусі ў агульную сістэму прэферэнцый Еўразвяза. Пры гэтым Андрэй Еўдачэнка падкрэсліў, што дыялог з МАП Беларусь ні разу не спыняла. Што тычыцца Еўракамісіі, то гэтая арганізацыя прыняла далёка ідучыя рашэнні, якія закранаюць эканамічныя інтарэсы Беларусі. "Таму мы сёння імкнёмся зрабіць усё, каб вярнуць нашы стасункі ў гандлі на ранейшыя пазіцыі", – адзначыў намеснік міністра.