viasna on patreon

Трое затрыманых у справе аб выбуху – на волі

2008 2008-07-14T08:58:30+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Увечары ў суботу зь ізалятара КДБ выпусьцілі затрыманых па справе аб выбуху 4 ліпеня Сяргея Высоцкага, Паўла Кур’яновіча і Аляксандра Сергіенку.

Сяргей Высоцкі распавёў “Свабодзе”, што яго затрымалі 10 ліпеня пасьля ператрусу ў кватэры. Сяргея пазадравалі па справе аб выбуху 4 ліпеня паводле артыкула 339 часткі 3 (злоснае хуліганства). Ахоўнікі ў “амэрыканцы”, якія кожныя 5 хвілін заглядвалі ў камэру, міжсобку называлі яго тэрарыстам,-- распавёў Сяргей Высоцкі.

Было некалькі допытаў, у часе якіх Сяргея дапытвалі аб тым, што ён рабіў у ноч з 3 на 4 ліпеня. Аднак Высоцкі здолеў давесьці сваё алібі.

У мінулую суботу сьледчыя КДБ ўзялі з Сяргея падпіску аб нявыезьдзе і неразгалошваньні таямніцы сьледзтва.

Паводле спадара Высоцкага, разам зь ім на волю выпусьцілі і Аляксандра Сергіенку, аднаго зь лідэраў моладзевага крыла АГП -- арганізацыі “Маладыя дэмакраты”.

Сяргей Высоцкі зьяўляецца каардынатарам Беларускага нацыянальна-дэмакратычнага цэнтру ў Кіеве, ён узначальваў незарэгістраваную Беларускую партыю свабоды.

Учора ж на свабоду выйшаў актывіст руху “Эўрапейская Беларусь” Павал Кур'яновіч, якога супрацоўнікі КДБ таксама затрымалі 10 ліпеня з падазрэньня ў дачыненьні да выбуху ў Менску падчас сьвяточнага канцэрту на афіцыйны Дзень незалежнасьці.

У інтэрвію “Свабодзе” пасьля вызваленьня Павал Кур’яновіч расказаў, што ні з кім з затрыманых па справе аб выбуху ня бачыўся: адзін сядзеў у камэры ў сьледчым ізалятары КДБ.

Паводле Кур’яновіча, за ўвесь час затрыманьня яго толькі раз выклікалі на допыт: падчас допыту пыталіся, што рабіў дэмакратычны актывіст уначы з 3-га на 4-га ліпеня. Кур’яновіч паведаміў, што ў яго было “жалезнае алібі”, якое пацьвердзілася пры праверцы супрацоўнікамі КДБ.

На думку Паўла Кур’яновіча, цяперашні перасьлед і затрыманьні дэмакратычных актывістаў зьвязаныя з выбарчай кампаніяй.

За кратамі застаюцца:

Ільля Богдан
Антон Койпіш
Ігар Корсак
Міраслаў Лазоўскі
Віктар Ляшчынскі
Тацяна Пікун
Сяржук Чыслаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства