У прадстаўнікоў Раманчука канфіскавалі 'Народную Волю'
5 жніўня ў Гродна былі затрыманыя грамадскія актывісты Юры Істомін і Зміцер Слуцкі, якія збіралі подпісы за вылучэнне кандыдатам ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Яраслава Раманчука. Міліцыянты канфіскавалі ў актывістаў 6 пачак новага нумару газеты 'Народная Воля'.
Пра акалічнасці затрымання распавёў Рацыі кіраўнік абласной арганізацыі АГП Юры Істомін:
- На адным з участкаў я са Зміцерам Слуцкім, гэта кіраўнік гарадской арганізацыі АГП, збіралі подпісы ў падтрымку Яраслава Раманчука. Мы прыехалі на той ўчастак на сваёй машыне, праз нейкі час заўважылі міліцэйскую машыну, якая дзяжурыла менавіта каля нашай.
Мы збіралі подпісы да паловы дзясятай, пачалі выязджаць са двара, дзе стаяла машыны, і на выездзе са двара супрацоўнікі гродненскай ДАІ нас спынілі, запатрабавалі дакументы, потым, зтэлефанаваўшыся з нейкім начальствам, патлумачылі наша затрыманне тым, што дзве гадзіны раней адбылося дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам падобнай на маю машынай.
Але, агледзеўшы маю машыну, яны заявілі, што гэта была не яна, бо правы бок непашкоджаны. Пасля гэтага, сазваніўшыся з начальствам, яны нас даставілі ў Ленінскі РАУС горада Гродна. Спыталі, што за друкаваная прадукцыя ляжыць у нашым аўтамабіле. Там ляжала 6 нераспакаваных пачак газеты 'Народная Воля' апошняга нумару. Яны склалі пратакол і канфіскавалі газеты да выяснення акалічнасцяў.
- Як можна патлумачыць гэтыя дзеянні?
- У горадзе з'явіліся ўлёткі Яраслава Раманчука і яны напэўна шукаюць гэтыя друкаваныя матэрыялы. І, думаю, мэта такая - зняць ініцыятыўную групу са збору подпісаў. Таму што ў нас ёсць звесткі аб тым, што ў акруговую выбарчую камісію №52 паступіла некалькі заяваў грамадзян, якія скардзяцца на тое, што ініцыятыўная група Яраслава Раманчука распаўсюджвае друкаваную прадукцыю з праграмай, фотаздымкамі і г.д.