Жлобін і Светлагорск: збор подпісаў пакуль ідзе без праблемаў
Прайшла палова тэрміну, які адведзены на збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Для таго, каб стаць кандыдатам, неабходна сабраць не меней 1000 подпісаў выбаршчыкаў, якія жывуць у дадзенай выбарчай акрузе.
У Жлобінскай акрузе № 42 ўжо каля 700 выбаршчыкаў падпісаліся за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Валерыя Рыбчанкі, сябра Партыі камуністаў Беларускай. Тут збіраюць таксама подпісы за вылучэнне Уладзіміра Патана. Ён – начальнік рамонтнага цэху Беларускага металургічнага заводу, буйнейшага прадпрыемства Жлобіна, і яго лічаць вылучэнцам “ад улады”. “Кажуць, што зарэгістравана яшчэ адна ініцыятыўная група – за вылучэнне кагосці з работнікаў фабрыкі штучнага футра, але мы такую групу ні разу не бачылі, і ці дзейнічае яна, нам невядома – гаворыць В. Рыбчанка. – Што тычыцца цяперашняга дэпутата ад Жлобінскай акругі – Ніны Кабернік, намесніка дырэктара Беларускага металургічнага заводу – то збор подпісаў за яе не вядзецца”.
Прыкладна 700 подпісаў сабрана ўжо і ў Светлагорскай акрузе № 48 за Сяргея Дайнеку, які таксама прадстаўляе ПКБ. “Акрамя пакватэрнага абыходу жыхароў, мы рабілі збор подпісаў і на мясцовым рынку. Выбаршчыкі падпісваюцца актыўна. А на рынку асаблівую актыўнасць праявілі прадпрымальнікі” – гаворыць Святлана Міхальчанка, якая ўваходзіць у групу па збору подпісаў за вылучэнне С. Дайнекі. “Афіцыйным” вылучэнцам, за якога таксама збіраюць подпісы, у Светлагорскай акрузе з’яўляецца Валянціна Кавалёва – яна зноў вылучаецца ў Палату прадстаўнікоў.
Пакуль відавочных парушэнняў заканадаўства падчас збору подпісаў сябрамі ініцыятыўных груп за вылучэнне В.Рыбчанкі і С.Дайнекі не зафіксавана.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”