У Рэчыцы і Хойніках цяперашнія дэпутаты ў выбарчай кампаніі не ўдзельнічаюць
У Рэчыцкай акрузе ў дэпутаты вылучаюць Валерыя Пуціцкага, сябра Партыі БНФ. Па яго словах, ініцыятыўная група сабрала ўжо каля 500 подпісаў за яго вылучэнне, прычым не толькі шляхам абыходу жыхароў: “Ужо тыдзень вядзецца збор подпісаў і на гарадскім рынку” – кажа В. Пуціцкі. У акрузе збіраюць подпісы яшчэ за двух асобаў. Адна з іх – Леанід Невар, пенсіянер, былы прадпрымальнік. Другая – Ала Сачанка, вылучэнец “ад улады” (начальнік фінансавага аддзелу выканаўчага камітэту Рэчыцкага раёна). “Яшчэ адна група, якая мела намер збіраць подпісы за аднаго з мясцовых жыхароў, не была зарэгістравана акруговай выбарчай камісіяй. Камісія палічыла, што былі парушэнні заканадаўства пры фарміраванні гэтай групы” – распавёў В. Пуціцкі. Дадзеная акруга ўключае ў сябе асноўную частку Рэчыцкага раёна.
А за Леаніда Судаленку з Аб’яднанай грамадзянскай партыі неабходная колькасць подпісаў ужо сабраная. Ён вылучаецца ў дэпутаты ў Хойніцкай акрузе, якая ахоплівае Брагінскі, Лоеўскі, Хойніцкі і частку Рэчыцкага раёна. “1200 подпісаў ужо ёсць, яны сабраны ў выніку абыходу жыхароў – кажа Л. Судаленка. – А 7 – 9 жніўня ў Хойніках мая ініцыятыўная група будзе збіраць подпісы і на вуліцах, у двух месцах: насупраць раённага выканаўчага камітэта і на рынку. Прычым у суботу ў 11 гадзін у гэтым будзе ўдзельнічаць Аляксандр Мілінкевіч, які ўваходзіць у маю ініцыятыўную групу”.
Цяперашнія дэпутаты ад гэтых акругаў – Мікалай Куцко, намеснiк старшынi Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў па аграрных пытаннях, і Віталь Кулік, старшыня Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў па праблемах чарнобыльскай катастрофы, экалогii i прыродакарыстанню. Абодва яны ў выбарчай кампаніі не ўдзельнічаюць. “У размовах з мясцовымі жыхарамі становіцца зразумелым: людзі настолькі не задаволены дэпутатам Куліком ад Хойніцкай акругі, што ўлады, відаць, не наважыліся выстаўляць яго на новыя выбары” – гаворыць Андрэй Толчын, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Гомеля.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары”