viasna on patreon

На Магілёўшчыне подпісы зьбіраюць і актывісты БРСМ

2008 2008-08-07T13:42:39+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У Крычаве дэклярацыю аб даходах апазыцыйны прэтэндэнт на мандат дэпутата Сяргей Няроўны рыхтуе зь мінулага тыдня. У ягонага суперніка па акрузе Сяргея Давыдова дэклярацыі не патрабуюць. У Клімавічах за С.Давыдова зьбіраюць подпісы сябры Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі.

Бацьку, маці і жонку прэтэндэнта на дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў Андрэя Юркова абавязалі да 12 жніўня падаць дэклярацыі аб даходах і маёмасьці ў падатковую інспэкцыю Дрыбінскага раёну.

Бацька Андрэя Юркова Мікалай Фёдаравіч і маці Галіна Дзьмітрыеўна шмат гадоў на пэнсіі. Жонка спадара Юркова Тацяна ў саўгасе працуе бухгальтаркай.

Мікалай Юркоў перакананы, што дэклярацыі патрабуюць у сувязі з удзелам у выбарах сына:

“Яны не разумеюць, што на нас ціснуць бессэнсоўна. Дык я думаю паехаць і запытаць: “У чым справа? Я ж не займаюся камэрцыяй ці прадпрымальніцкай дзейнасьцю”. Я ня ведаю, ці запалохваньне гэта. Халера яго ведае”.

Мікалай Юркоў — былы дырэктар саўгасу Дрыбінскі, вядомы й аўтарытэтны спэцыяліст сельскай гаспадаркі ня толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі.

Сам прэтэндэнт на дэпутацтва Андрэй Юркоў лічыць, што ўлада дэклярацыямі хоча стварыць атмасфэру дыскамфорту для яго й ягонай сям’і.

“Гэта магчымасьць адцягнуць увагу, час і паторгаць нэрвы. Найперш гэта для маёй сям’і праблемы. Таму тут усё цалкам натуральна й лягічна”.

Тым часам на Клімавіччыне тамтэйшая арганізацыя Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі зьбірае подпісы за прэтэндэнта на дэпутацтва ад улады Сяргея Давыдова ды тлумачыць жыхарам раёну важнасьць іх удзелу ў выбарчым працэсе.

У райкаме БРСМ кажуць, што дзьве гэтыя кампаніі ніяк не зьвязаныя. Гаворыць прадстаўніца райкаму:

“Мы не агітуем за некага, што вось прыходзьце й за некага галасуйце. Не, мы не палітычная арганізацыя, а грамадзкая. Наша галоўная задача — каб як мага болей моладзі прыйшло на выбарчыя ўчасткі”.

Паводле прадстаўніцы райкаму, інжынэр-чыгуначнік Сяргей Давыдоў зьвярнуўся да іх па дапамогу, і прадстаўнікі БРСМ ўвайшлі ў ягоную ініцыятыўную групу:

“Ён усё ж малады, яму трыццаць чатыры гады. Мы вось так і вырашылі”.

Суперніка Сяргея Давыдова па Крычаўскай выбарчай акрузе, апазыцыйнага прэтэндэнта Сяргея Няроўнага, у райкаме БРСМ ня ведаюць. Аднак зазначаюць, што калі б ён загадзя зьвярнуўся да іх, яны і яму б дапамаглі зьбіраць подпісы — але спачатку параіліся б са сваім начальствам.

Сяргей Няроўны сумняецца ў шчырасьці слоў прадстаўніцы БРСМ і зазначае:

“Калі кажуць, што БРСМ не палітычная арганізацыя, то я лічу, і жыцьцё гэта пацьвердзіла, што гэта палітычная арганізацыя. Гэта малады авангард, які ў нейкі пэўны час, калі дзяржаве патрэбна, кідаюць у бой, каб агітаваць, подпісы зьбіраць — то бок праводзіць працу сярод насельніцтва. Тое, што адбываецца ў Клімавічах, толькі пацьвярджае маю думку”.

Што да дэклярацыі аб даходах і маёмасьці, то Сяргея Няроўнага абавязалі яе падаць яшчэ на мінулым тыдні. Агулам на Магілёўшчыне запаўняюць дэклярацыі каля двух дзясяткаў апазыцыйных прэтэндэнтаў на дэпутацтва.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства