Астравец: “неверагодная хуткасць” пры вылучэнні ва ўчастковыя камісіі
1 жніўня Варнянская пярвічная арганізацыя АГП падала заяву на уключэнне сваіх сяброў у тры ўчастковыя выбарчыя камісіі. 5 жніўня адпаведную заяву на ўключэнне ў склад 4 выбарчых камісій зрабіла і Астравецкая пярвічка АГП. 7 жніўня заяву ад групы грамадзянаў на уключэнне ў склад Варнянскай участковай выбарчай камісіі №48 падаў кіраўнік мясцовай пярвічнай арганізацыі АГП Мікалай Уласевіч.
Ва ўсім згаданым вельмі цікавым з’яўляецца тое, што ўказаныя заявы ў Астравецкім райвыканкаме былі зарэгістраваны апошнімі і адпаведна пад №45, №46 і №47. З чаго можна зрабіць наступныя высновы: 1) альбо пасля публікацыі 30 ліпеня ў раеннай газеце “Астравецкая праўда” рашэння Астравецкага райвыканкама ад 23 ліпеня аб утварэнні ўчасткаў для галасавання, вылучэнне прадстаунікоў у склад выбарчых камісій адбылося фактычна на працягу аднаго дня - 31 ліпеня альбо 2) папярэднія партыйцам вылучэнцы ва ўчастковыя камісіі і без публікацыі рашэння выканкаму ведалі пра межы і нумары створаных участкаў і з неверагоднай хуткасцю паспяшаліся падаць свае заявы.
Са згаданнага можна таксама зрабіць выснову, што адмовы на ўключэнне ў склад участковых камісій партыйцаў у Астравецкім раене найперш будуць тлумацыцца тым, што яны запозна падалі свае заявы.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”