viasna on patreon

Камунальшчыкі падалі ў суд на Івана Крука

2008 2008-08-08T15:38:40+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Астравецкае прадпрыемства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі зьвярнулася ў суд з пазовам супраць былога палітвязьня. Камунальшчыкі патрабуюць прызнаць несапраўднымі скаргі Івана Крука ў кантралюючыя арганізацыі. Яны лічаць, што скаргі зьневажаюць іхную дзелавую рэпутацыю.

Як распавядае Іван Крук, на просьбу жыхароў Астраўца ён напісаў некалькі скаргаў на камунальшчыкаў, што тыя незаконна выкарыстоўваюць сродкі, якія вылічваюць зь людзей на капітальны рамонт дамоў.

Скаргі пайшлі ў Савет міністраў, Канстытуцыйны суд і Камітэт дзяржкантролю, а таксама ў Астравецкі райвыканкам. Пад імі падпісаліся 50 чалавек.

Першыя праверкі, праведзеныя райвыканкамам, плёну не далі, кажа спадар Крук:

“І тады прадстаўнікі выканкаму пачалі хадзіць да тых людзей, хто падпісаўся пад скаргай, і запалохваць іх. А мне з выканкаму прыйшоў адказ, што нібыта ніякіх фактаў парушэньня ня знойдзена”.

Пасьля гэтага спадар Крук напісаў скаргу міністру ўнутраных спраў і дадаткова ў дзяржкантроль. Гэтым разам камунальшчыкаў прыяжджалі правяраць з вобласьці.

Крук: “Пасьля праверкі высьветлілася, што грошы выкарыстоўваліся нямэтава. З дырэктара ЖКГ, спадара Ўрублеўскага, галоўнага бухгальтара й інжынэра спагналі каля 2 мільёнаў штрафу. А матэрыялы накіравалі для праверкі ў раённую пракуратуру”.

А вось што наконт гэтага кажа начальнік Астравецкага ЖКХ Аляксандар Урублеўскі:

“Згодна зь ягонымі заявамі ў нас былі праведзеныя праверкі й ніякіх парушэньняў выяўлена не было, і яму далі адказ. Я, як сумленны чалавек, не магу такога сьцярпець. Мяне папросту аблілі брудам”.

Іван Крук кажа, што вынікі праверкі пракуратуры пакуль невядомыя, але камунальшчыкі ўжо напісалі скаргу ў суд. Астравецкі суд адмовіўся разглядаць яе й накіраваў у абласны, а адтуль яна прыйшла ў Смаргонскі раённы суд, дзе й павінна разглядацца 12 жніўня.

Спадар Крук зараз займаецца зборам подпісаў за вылучэньне на кандыдатам у дэпутаты па Івейскай акрузе № 53. Ён кажа, што такім чынам улады імкнуцца перашкодзіць яму ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі.

Сёньня ён пісьмова зьвярнуўся да судзьдзі Смаргонскага суду з тым, каб паседжаньне перанесьлі й далі яму магчымасьць цалкам азнаёміцца з вынікамі праверкі ЖКГ астравецкай пракуратурай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства