Амбасада ЗША ўздымае пытанне аб стане Зельцэра ў МЗС Беларусі
У амбасадзе ЗША ў Менску пракаментавалі прэс-цэнтру Хартыі’97 сытуацыю з амерыканскім адвакатам у Менску Эмануілам Зельцэрам. «Нам вядома з паведамленняў прэсы аб стане здароўя Эмануіла Зельцэра. І мы ўзнялі гэтае пытанне ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі», - паведамілі ў амбасадзе ЗША.
Як ужо паведамляў прэс-цэнтр Хартыі’97, стан здароўя грамадзяніна ЗША Эмануіла Зельцэра, над якім ідзе судовы працэс у Менску, такі, што канвой заносіць яго ў суд на руках. Аб гэтым паведаміў журналістам адвакат Эмануіла Зельцэра Зьміцер Гарачка.
"Э.Зельцэр увесь час скардзіцца на здароўе. Ён кажа, што яму складана падняцца па ўсходах у будынак суда, і на чацвёрты паверх канвой яго заносіць на руках", - паведаміў Гарачка.
Пры гэтым ён зазначыў, што "у чалавека, які прымаў лекі ўсё жыццё, а яму зараз іх не даюць, проста павольна памірае арганізм". Адвакат адмовіўся паведаміць падрабязнасці судовага працэсу па справе Э.Зельцэра, нагадаўшы аб тым, што ён даў падпіску ў судзе аб невыдаванні інфармацыі.