Віцебск: Сябры камісій не могуць разабрацца, якія ўчасткі адносяцца да іх выбарчай акругі
Гарадская газета "Витьбичи" (№85) ад 26 ліпеня 2008 года апублікавала спіс участкаў для галасавання па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь не па выбарчых акругах, а па адміністрацыйна-тэрытарыяльнаму дзяленню горада (па раёнах). Пры гэтым да выбаршчыкаў не даведзены кіравальны склад акруговых выбарчых камісій. Відавочна, што не ўсе сябры акруговых выбарчых камісій могуць разабрацца, якія ўчасткі адносяцца да іх выбарчай акругі.
У лісце Цэнтральнай камісіі (вых. №01-09/Л-86 ад 08.08.2008) з нагоды склаўшайся сітуацыі атрыманы адказ, што турбавацца на дадзенай падставе бессэнсоўна, і ўсе сябры акруговых выбарчых камісій змогуць разабрацца, якія ўчасткі адносяцца да акругі. У адказе слова "могуць" заменена словам "змогуць". Можа, і змогуць, але пакуль не могуць!
Выбаршчыкі сапраўды маюць магчымасць азнаёміцца з межамі ўчасткаў для галасавання, надрукаванымі ў газеце "Витьбичи", але ім няма дзе азнаёміцца з інфармацыяй, да якой выбарчай акругі адносіцца іх выбарчы ўчастак.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"