Жанна Літвіна атрымае прэмію ў галіне правоў чалавека
У Берліне сёння пройдзе цырымонія ўручэння прэміі Фонда імя Фрыдрыха Эберта ў галіне правоў чалавека. Як паведамлялася раней, сёлета гэтую ўзнагароду спецыяльная камісія Фонда вырашыла ўручыць старшыні ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жанне Літвіной.
«Гэтай прэміяй адзначаны шматгадовы ўнёсак спадарыні Літвіной у барацьбу за правы і свабоды журналістаў, а яны з’яўляюцца важнымі складнікамі базавых правоў і свабод чалавека», — заўважыў у інтэрв’ю Deutsche Welle кіраўнік рэгіянальнага прадстаўніцтва Фонда Эберта ва Ўкраіне і Беларусі Штэфан Хробат (Stefan Chrobot).
Цырымонія мае адбыцца ў другой палове дня. У ёй будзе браць удзел найвышэйшае кіраўніцтва Фонда Эберта — у тым ліку яго старшыня Анке Фукс (Anke Fuchs). Прадстаўнікі Фонда чакаюць, што з урачыстай прамовай выступіць прэм’ер-міністр федэральнай зямлі Бандэнбург Маціас Плацэк (Matthias Platzeck). Ад БАЖ у Берлін скіраваліся, акрамя Жанны Літвіной, яе намеснікі — Андрэй Бастунец і Аліна Суравец.
Фонд імя Ф. Эберта (Германія) быў створаны ў 1925 годзе паводле запавету Фрыдрыха Эберта — першага прэзідэнта Германскай Рэспублікі, дзеяча сацыял-дэмакратычнага руху. Асноўныя задачы арганізацыі — развіццё міжнароднага ўзаемаразумення і супрацоўніцтва з краінамі, якія развіваюцца, падтрымка навукова-даследчых праектаў, прадастаўленне стыпендый маладым навукоўцам і г.д.
Прэмія Фонда Эберта ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 1994 годзе і ўручаецца людзям і арганізацыям, якія маюць асаблівыя заслугі ў розных накірунках абароны правоў чалавека.