Мінск: БСДП (Г) абяцае сюрпрызы
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) пры падрыхтоўцы да выбараў у мясцовыя Саветы 26-га склікання працуе па сваім асабістым сцэнары.
Партыйцы не вылучылі ніводнага кандыдата ў выбарчыя камісіі сталіцы, а заявы на рэгістрацыю ў якасці кандыдатаў у дэпутаты ў Мінску падалі тры чалавекі. Затое БСДП (Г) збіраецца здзівіць выбаршчыкаў нестандартнымі формамі агітацыі.
– Кіраўніцтва Грамады не дыктуе, каму балатавацца кандыдатамі ў дэпутаты, а каму падаваць заяву на членства ў выбарчых камісіях, – распавёў Аляксей Сігаеў, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі БСДП (Г). – А у многіх сябраў партыі няма веры ў гэтыя выбары, таму так мала нашых людзей праяўляюць актыўнасць.
Сам Аляксей Сігаеў, адзін з трох прэтэндэнтаў у кандыдаты, таксама не разлічвае на перамогу і ўдзельнічае ў палітычнай барацьбе больш таму, што хоча на сабе адчуць выбарчыя тэхналогіі і назапасіць вопыту на будучыню.
– Гледзячы на вынікі фармавання камісій, нават і не хочацца ўваходзіць у склад такіх Саветаў, – дадаў сацыял-дэмакрат. – Ужо відавочна, якія людзі будуць абраны дэпутатамі.
Аляксей Сігаеў адзначыў, што агітацыйная праца на Беларусі праходзіць занадта спакойна і ціха, няма відовішчнасці і нагляднасці. Менавіта таму сацыял-дэмакраты мяркуюць паспрабаваць на гэтых выбарах новыя тэхнічныя прынцыпы агітацыі, каб праверыць рэакцыю ўладаў і знайсці шляхі для ўводу такіх формаў ва ўжытак паўсюль.
– У нас шмат задумак, хоць мы і не ведаем, ці зможам здзейсніць іх усе, – падзяліўся думкамі старшыня Мінскай гарадской арганізацыі БСДП (Г). – Прынамсі, збіраемся маляваць крэйдамі лозунгі на асфальце, як мы ўжо рабілі гэта пад час апошніх выбараў у Палату прадстаўнікоў. Таксама хочам паездзіць па акрузе з плакатамі з выявамі кандыдатаў і партыйнай сімволікай. Плануюцца і іншыя сюрпрызы…
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”