Салігорск: Назіральнікі ад СНД сустрэліся толькі з прадстаўнікамі ўлады
Як стала вядома, Салігорск наведвалі назіральнікі місіі ад СНД Альберт Дружынін і Васіль Астрэйка. Назіральнікі сустрэліся з прадстаўнікамі раённай выбарчай камісіі, а таксама былі на некалькіх сельскіх і гарадскіх участках для галасавання. Сустрэч з мясцовымі праваабаронцамі і незалежнымі назіральнікамі прадстаўнікі Місіі ад СНД не ладзілі.
- Не тое, каб нас вельмі здзівіў той факт, што назіральнікі ад СНД не знайшлі часу ці жадання сустрэцца з намі, але ж пэўныя спадзяванні на гэта мы мелі. Прынамсі, апошнія геапалітычныя змены дазвалялі спадзявацца на больш сур'ёзны, чым у мінулыя гады, падыход да працэсу назірання за выбарамі з боку прадстаўнікоў СНД. Мы з задавальненнем падзяліліся бы папярэднімі вынікамі сваёй працы з імі, як гэта ўжо было зроблена з прадстаўнікамі Місіі БДІПЧ АБСЕ. На вялікі жаль, гэтага не адбылося, - кажа доўгатэрміновы назіральнік ад БХК у салігорскім рэгіёне Л.Мархотка.
Нагадаем, раней Марцін Бжазоўскі і Бьёрн-Эрык Лундквіст, доўгатэрміновыя назіральнікі АБСЕ, сустрэліся з прадстаўнікамі як Салігорскай раённай камісіі па выбарах, так і з мясцовымі незалежнымі назіральнікамі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”