Баранавічы: Суд падтрымаў беларускую мову
3 лістапада баранавіцкі праваабаронца Сяргей Гоўша атрымаў адказ на сваю скаргу ад старшыні Брэсцкага абласнога суда Т. Сучок. Суддзя паведаміла, што суду Баранавічскага раёна і горада Баранавічы прапанавана выдаць яму копію рашэння суда ад 9 лістапада 2010 года на беларускай мове. Справа ў тым, што 9 лістапада адбылося судовае пасяджэнне суда Баранавічскага раёна і горада Баранавічы па справе сяброў Таварыства беларускай мовы, якіх не ўключыў гарвыканкам у склад участковых выбарчых камісій. Старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ Віктар Сырыца хадайнічаў, каб судавытворчасць вялася ў судзе на дзяржаўнай беларускай мове. Так і было: суддзя і пракурор вялі працэс па-беларуску, але суддзя Мікалай Сельмановіч сваё рашэнне зачытаў на рускай мове і катэгарычна адмовіўся выдаць копію рашэння суда па-беларуску. У сувязі з гэтым праваабаронца быў вымушаны звяртацца ў абласны суд, і зараз Сяргей Гоўша спадзяецца, што рашэнне суда ён атрымае на беларускай дзяржаўнай мове.
Фота: Рашэнне Брэсцкага абласнога суда.