Добруш: На выбаршчыкаў уздзейнічаюць праз іх дзяцей
«Дзень галасавання стане святам», - абяцае сваім чытачам раённая газета «Добрушскі край» .
Аказалася, што «да асноўнага дня галасавання на выбарах рыхтуюцца не толькі выбарчыя камісіі, але і школы раёна». «У той час, калі кандыдаты ў Прэзідэнты заклікаюць выбаршчыкаў з экранаў тэлевізараў аддаць ім свой голас, педагогі знаёмяць школьнікаў з асновамі Выбарчага кодэкса, абгрунтоўваюць неабходнасць удзелу ў выбарах кожнага грамадзяніна краіны і спадзяюцца, што праз дзяцей гэтая інфармацыя дойдзе да бацькоў», - піша выданне. Складваецца ўражанне, што жыхары райцэнтра наогул не разбіраюцца ў палітыцы, і таму на іх трэба ўздзейнічаць ... праз дзяцей. Педагогі, замест таго, каб вучыць «разумнаму, добраму, вечнаму», імкнуцца неяк праз дзяцей «палітычна ўздзейнічаць» на бацькоў.
«А да 19 снежня школьнікі рыхтуюць для выбаршчыкаў прыемны сюрпрыз. Даўно стала традыцыяй у дзень галасавання арганізоўваць канцэрты мастацкай самадзейнасці, святы дзіцячай творчасці, і гэтыя выбары не стануць выключэннем», - абяцае раённая газета.
«Выставу сваіх работ плануюць адкрыць наведвальнікі гурткоў «Чараўніца» і «Умелыя ручкі», пад кіраўніцтвам настаўніцы спеваў і музыкі С.А.Гуцавай свае сольныя нумары рэпетыруюць школьныя спевакі, танцавальны калектыў разам з кіраўніком гуртка Кацярынай Чарняковай развучвае новыя танцы», - піша выданне. Але з якой мэтай гэта робіцца? Зноў жа – з клопатам пра бацькоў! «Хочацца, каб дзень выбараў стаў сапраўдным святам для гараджан. Да таго ж, гэты дзень стане і своеасаблівай творчай справаздачай для нашай школы. Калі яшчэ бацькі пабачаць сваіх дзяцей на сцэне і змогуць сказаць знаёмым: «Гэта мой сын!», - растлумачыла газета.
Выходзіць, што школьнікі ў Добрушы маюць магчымасць выступіць на сцэне толькі ў час выбараў?
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”