Салігорск: Сустрэча з Раманчуком сабрала значную аўдыторыю
Кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук наведаў у нядзелю 5-га лістапада Салігорск, дзе адбылася яго сустрэча з жыхарамі гораду. Мерапрыемства праходзіла ў гарадскім Палацы культуры і цягнулася больш за дзве гадзіны.
Гэта ўжо другая сустрэча салігорцаў з прэтэндэнтам на прэзідэнцкую пасаду -- тыднем раней сталіцу шахцёраў наведаў Андрэй Саннікаў. Варта аднак адзначыць, што сустрэча з Яраславам Раманчуком адбывалася ў больш спрыяльнай абстаноўцы. Салігорскі штаб кандыдата не заўважыў сур'ёзных перашкод з боку ўлады пры падрыхтоўцы сустрэчы і распаўсюдзе інфармацыі пра яе. Гэта адбілася і на колькасці выбаршчыкаў, якіх прыйшло ў некалькі разоў больш, чым на сустрэчу з Саннікавым. Ды і само мерапрыемства праходзіла ў спакойнай абстаноўцы. Нягледзячы на прысутнасць шматлікіх ідэалагічных работнікаў, аніякіх правакацыйных дзеянняў з іх боку не было.
Ужо на гэтым тыдні Салігорск наведаюць Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”