Магілёў: Людзей гоняць на датэрміновае галасаванне
Магілёўскім праваабаронцам сталі вядомы факты, калі рабочых прамысловых прадпрыемстваў ААТ “Магілёўхімвалакно” і ААТ “Магатэкс”, а таксама студэнтаў Беларуска-Расійскага ўніверсітэта прымушаюць аддаваць свае галасы на датэрміновым галасаванні.
Так, паводле звестак, якія прыходзяць з ААТ “Магілёўхімвалакно”, у пятніцу 17 снежня кіраўніцтва прадпрыемства плануе зрабіць кароткім працоўным днём, каб усе 7000 рабочых і інжынераў гэтага прадпрыемства здолелі прагаласаваць датэрмінова.
“Наш начальнік загадаў нам у строгай форме прыйсці ў пятніцу з пашпартамі, каб у гэты дзень мы прагаласаваць датэрмінова, - расказвае супрацоўніца “Магілёўхімвалакно” Вольга, - тых жа, хто не прагаласуе ў гэты дзень, чакаюць наступствы – непрыемныя размовы з ідэолагам, дырэктарам і начальнікам, пасля чаго магчыма датэрміновае скасаванне працоўнага кантракту. Начальства паводзіць сябе нахабна – не пакідае за рабочымі права галасаваць калі ім хочацца, фактычна ўмешваецца ў жыццё рабочых”.
На ААТ “Магатэкс” сітуацыя падобная, там таксама пагражаюць звальненнямі, калі рабочыя не прагаласуюць датэрмінова.
З Беларуска-расійскага ўніверсітэта паступаюць звесткі аб тым, што выкладчыкі ўніверсітэтаў заклікаюць студэнтаў аддаваць свае галасы датэрмінова, хто адмовіцца – будзе альбо пазбаўлены месца ў інтэрнатах, альбо адлічаны за акадэмічную непаспяваемасць.
Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што праваабаронцы адсочваюць сітуацыю.
“Мы збіраем звесткі аб гэтых выпадках, размаўляем з рабочымі гэтых прадпрыемстваў і інфармуем міжнародных назіральнікаў ад АБСЕ, якія знаходзяцца ў нашым горадзе. Датэрмінова людзей выганяюць на галасаванне па двух прычынах – каб забяспечыць яўку на выбары, і каб сфальсіфікаваць вынікі датэрміновага галасавання. Чым больш прагаласуе датэрмінова, тым большы працэнт атрымае Аляксандр Лукашэнка”, - гаворыць праваабаронца.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”