Брэст: Сустрэцца з выбаршчыкамі Кастусёў прыехаў разам з Мілінкевічам
Сустрэча кандыдата ад Партыі БНФ з жыхарамі Брэста адбылася ў мінулую нядзелю ў абласным Палацы культуры прафсаюзаў. Дарэчы, гэта ўстанова карыстаецца вялікай папулярнасцю ў прэтэндэнтаў на пасаду кіраўнка дзяржавы: падчас агітацыйнай кампаніі з выбаршчыкамі тут сустракаліся Яраслаў Раманчук, Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч, Дзмітрый Ус, а на 14 студзеня у Палацы запланавана мерапрыемства з удзелам Віталя Рымашэўскага.
Аднак, у адрозненні ад іншых кандыдатаў, Рыгор Кастусёў вырашыў скарыстацца не вялікай, а малой залай гэтай установы культуры, якая амаль цалкам была запоўненая людзьмі (у сустрэчы прынялі удзел каля 200 чалавек). Вылучэнец ад Партыі БНФ распавёў прысутным сваю біяграфію, прадставіў стратэгію і праграмныя задачы партыі, а таксама ўласную перадвыбарчую праграму. У падтрымку Кастусёва выступіў і ўдзельнік былой прэзідэнцкай кампаніі Аляксандр Мілінкевіч, паводле словаў якога, менавіта такі прэзідэнт зараз патрэбен Беларусі.
Пасля сустрэчы ў Брэсце кандыдат ў прэзідэнты і яго давераная асоба накіраваліся ў Камянец, дзе таксама іх чакалі мясцовыя выбаршчыкі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”