Мінск: Нападніка на давераную асобу Рымашэўскага так і не асудзілі
Хулігана, які зрываў агітацыйныя плакаты ў дазволеных для іх размяшчэння месцах і спрабаваў збіць давераную асобу Рымашэўскага -- Валерыю Чарнаморцаву, затрымалі больш за тыдзень таму, але суда над ім так і не адбылося. Саму пацярпелую за гэты час не толькі не запрасілі ў суд Савецкага раёна сталіцы, які павінен разглядаць справу, але і хаваюць ад яе прозвішча нападніка.
Як паведамляў раней сайт БХД, 3 снежня невядомы напаў на давераную асобу кандыдата Валерыю Чарнаморцаву, якая наклейвала агітацыйныя плакаты ў раёне вуліц Сурганава – Багдановіча. Хуліган спрабаваў ударыць актывістку, якая ў адказ выклікала міліцыю. Хуліган быў затрыманы.
“Складаў пратакол на гэтага чалавека супрацоўнік Савецкага РУУС Мінска Марцінкоўскі Ігар Мікалаевіч. – Ён паабяцаў мне тады, у пятніцу, што літаральна ў панядзелак ці аўторак адбудзецца судовы разгляд здарэння. Аднак колькі я ні тэлефанавала ў РУУС, мне кожны раз адказвалі, што суд пераносіцца альбо што суразмоўца нічога пэўнага не ведае”. Па словах спадарыні Валерыі, апошнімі днямі дазваніцца да Ігара Марцінкоўскага і ягонага кіраўніцтва стала ўвогуле немагчыма. Пацярпелая не выключае, што міліцыянты хаваюцца, не жадаючы браць на сябе адказнасць, бо справа наўпрост датычыцца палітыкі.
У той жа час, кажа В.Чарнаморцава, у Савецкім раёне Мінска і далей назіраюцца выпадкі знішчэння агітматэрыялаў невядомымі ў цывільным. Акрамя затрыманага І.Марцінкоўскім, ніводзін з гэтых парушальнікаў не быў схоплены за руку. “У мяне складаецца ўражанне, што над знішчэннем агітацыі апазіцыйных кандыдатаў працуюць адмыслова прызначаныя людзі, і адзін з іх і спрабаваў напасці на мяне, -- гаворыць спадарыня Валерыя. – Калі гэта так, то тады становіцца зразумела, чаму міліцыя хавае яго ад суда. Мы не можам дабіцца справядлівасці”. На яе думку, затрыманы, “відавочна, быў адпушчаны і працягвае займацца сваёй справай, бо ніводнага вывешанага ў акрузе агітматэрыялу не засталося”. Актывістка абураная тым, што міліцыянты нават не назвалі ёй нават прозвішча хулігана пры затрыманні, нягледзячы на яе патрабаванне.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”