Мінск: Студэнтам -- тыднёвы адпачынак за датэрміновае галасаванне
У сталічным БНТУ студэнтаў заахвочваюць галасаваць датэрмінова не кнутом, а пернікам. Так, дэканат эканамічнага факультэту паабяцаў адпусціць дахаты ўсіх сваіх навучэнцаў, якія аддадуць свой голас на выбарах з 14 па 18 снежня, да наступнага панядзелка – 20 снежня. Пра гэта распавяла маці адной са студэнтак гэтага факультэта. Па словах жанчыны, чым раней студэнт прагаласуе, тым больш ён атрымае вольнага часу. Такім чынам, у найвыгоднейшым становішчы апынаюцца студэнты, якія прагаласуюць 14 снежня: ім можна “гуляць” тыдзень. Адпаведна, на дзень пазнейшае галасаванне скарачае незапланаваныя “канікулы” на адзін дзень, і гэтак далей. Асабліва дзейнічае такая схема заахвочвання на іншагародніх навучэнцаў. “Мая дачка спрабавала размаўляць з аднакурснікамі, але яны ў адзін голас кажуць: маўляў, мы ўсе хочам дамоў”, -- гаворыць жанчына.
Некаторыя студэнты, дадае яна, адмовіліся ісці на выбарчыя ўчасткі да 19 снежня. Цікава, што замест пагроз выселіць з інтэрнатаў яны пачулі, што… “на бліжэйшыя выходныя ўсе інтэрнаты будуць зачыненыя ў сувязі з выбарамі”. Такім чынам, падзецца нязгодным студэнтам, якія прыехалі з рэгіёнаў, у сталіцы будзе няма куды.
Жанчына згадала таксама БАТУ, дзе навучаюцца яе знаёмыя. Там, распавядае яна, дэкан аднаго з факультэтаў проста скарыстаў свой аўтарытэт, сказаўшы студэнтам: “Калі не прагаласуеце датэрмінова, я буду мець непрыемнасці. Няўжо ж вы хочаце мяне падвесці?”.
На пытанні студэнтаў, за каго менавіта дэканаты раяць аддаваць галасы – ці не за Лукашэнку? – адказ быў паўсюль аднолькавы: за каго заўгодна.
Аднак пернікамі, хітрыкамі і задушэўнымі размовамі справа не абмежавалася. Бацькі студэнтаў, якія тэлефануюць правабаронцам, усё часцей кажуць пра пагрозы выключэння дзяцей з ВНУ, калі яны пападуцца міліцыі на мітынгах. І ў БНТУ, і ў БАТУ студэнтаў ужо папярэдзілі, што за ўдзел у Плошчы яны будуць выключаны з вучобы. Супрацоўнікі дэканатаў прыгразілі таксама, што месца вучобы пазбавіцца любы затрыманы міліцыяй падчас выбарчых акцый апазіцыі.
Калі некалькі дзён выбарчых канікул – магчымасць наведаць бацькоў для іншагародніх, то пагрозы за ўдзел у мінскіх акцыях – сродак ўздзеяння найперш на мінчан.
Дарэчы, дата, да якой студэнтаў выпраўляюць адпачываць, таксама абрана з разлікам: пакуль вернуцца ў Мінск, які звычайна становіцца цэнтрам падзей, галоўныя выбарчыя страсці павінны быццам бы сціхнуць. Менш разумнай і свядомай моладзі ў гэты тыдзень у сталіцы – спакайней начальству…
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”