Праваабаронца Павел Левінаў – за байкот датэрміновага галасавання
Віцебскі праваабаронца распаўсюдзіў 960 уласных улётак з заклікам не хадзіць на прэзідэнцкія выбары датэрмінова. Іх знойдуць у сваіх паштовых скрынях жыхары выбарчага ўчастка №35 Першамайскага раёна.
Павел Левінаў распавёў, што падаваў заяўку на пікет – каб агітаваць за байкот датэрміновага галасавання:
- Я планаваў акцыю на 12 снежня, але ў адміністрацыі Першамайскага раёна мне адмовілі. Тады я і вырашыў звярнуцца да кожнага выбаршчыка з дапамогай улётак. У іх напісана, што на ўчастку №35, і не толькі на ім адным, парушаецца выбарчае заканадаўства. І адно з такіх парушэнняў – калі прымушаюць галасаваць датэрмінова.
Паводле скаргі Паўла Левінава ў ЦВК, быў выключаны са складу ўчастковай камісіі №35 намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства “Віцебскхлебпрам” Андрэй Маркоўскі. Спадара Маркоўскага ўжо паспелі былі прызначыць старшынём камісіі, але высветлілася, што подпісы за яго вылучэнне ў камісію збіраліся незаконна. Праваабаронца і сам збіраўся стаць сябрам камісіі – але яго туды не дапусцілі.
Забарону на пікет пра байкот датэрміновага галасавання Павел Левінаў лічыць “трывожным сігналам” – ён не выключае рэпрэсій з боку ўладаў за сваю грамадзянскую пазіцыю. Днямі ён напісаў ліст у пракуратуру, у якім папярэдзіў, што яму вядома пра магчымыя правакацыі. Папярэдні досвед схіляе яго да думкі, што ў апошні тыдзень прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ён можа па надуманай прычыне апынуцца пад арыштам. Бо і ў 2007 годзе напярэдадні выбараў у мясцовыя саветы, і ў 2008 годзе напярэдадні парламенцкіх выбараў праваабаронцу затрымлівалі нібыта за нецэнзурную лаянку і трымалі пад арыштам па некалькі сутак.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”