Рэгіянальны зрэз выбараў: САЛІГОРШЧЫНА
Цяпер ужо многім канчаткова зразумела, што выбарчы працэс ў салігорскім рэгіёне, як, уласна, і ва ўсёй Беларусі быў вельмі далёкім ад міжнародных стандартаў і нават нормаў беларускага заканадаўства. Прааналізаваўшы тры этапы выбарчага працэсу - збор подпісаў, агітацыйны перыяд і галасаванне з падлікам галасоў - можна заўважыць наступную тэндэнцыю: чым бліжэй да заканчэння выбараў, тым менш гульняў у лібералізацыю і дэмакратыю. Пра ўсё па парадку.
Абвяшчэнне 14 верасня Палатай Прадстаўнікоў даты выбараў па-сутнасці стала стартам перадвыбарчай гонкі. Усе жадаючыя салігорцы без праблемаў змаглі далучыцца да ініцыятыўных групаў кандыдатаў. Незалежныя СМІ рэгіёну вельмі актыўна пачалі асвятляць гэты працэс. Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі салігоршчыны выбарчую тэматыку ад самага старту стараліся ігнараваць, абмяжоўваючыся невялікімі нататкамі агульнага характару. Важны этап утварэння тэрытарыяльных выбарчых камісіі салігорскімі дэмакратычнымі сіламі быў праігнараваны, таму аб'ектыўна няма падставаў зрабіць нейкія адназначныя высновы, што да празрыстасці і дэмакратычнасці гэтага працэсу. Але ж факт уключэння ў склад Салігорскай раённай камісіі па выбарах выключна прадстаўнікоў "вертыкалі" і падкантрольных ёй арганізацый і ўстаноў ускосна дазваляе ўсумніцца ў яе незалежнасці і аб'ектыўнасці.
Этап збору подпісаў і рэгістрацыя кандыдатаў адкрылі новую старонку ў гісторыі выбарчых кампаній у эпоху Лукашэнкі. У гэты перыяд ініцыятыўныя групы дэмакратычных вылучэнцаў практычна не адчувалі перашкодаў і ціску з боку ўладаў. Нават першапачаткова прынятае абсурднае рашэнне выканкаму аб татальнай забароне на месцы па збору подпісаў было аператыўна лібералізавана пасля рэзкай крытыкі з боку мясцовых праваабаронцаў. Рэдкія затрыманні зборшчыкаў былі выключэннямі, якія, аднак, яскрава сведчылі пра несістэмнасць зменаў у практыцы правядзення выбараў. Некаторыя прынцыповыя пытанні вырашаны ўвогуле не былі. У прыватнасці гэта датычыцца магчымасці збору подпісаў у інтэрнатах. Таксама была працягнута традыцыя выкарыстання адміністратыўнага рэсурсу камандай дзеючага Прэзідэнта і "дабравольна-прымусовы" характар збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку. Не на карысць дэмакратычнасці працэсу збору подпісаў варта запісаць факты ціску на саміх падпісантаў за альтэрнатыўных кандыдатаў, асабліва ў асяродку супрацоўнікаў міліцыі і чыноўнікаў. Тым не менш, дэмакратычным кандыдатам агулам удалося сабраць амаль дваццаць тысяч подпісаў у стотысячным горадзе. Вынікі праверкі подпісаў, аднак, былі ашаламляльныя - выбарчая камісія прызнала несапраўднымі ўсе подпісы Міхалевіча, Някляева, Санніква і Уса. Назіральніка БХК і прадстаўнікоў кандыдатаў да працэсу праверкі не дапусцілі.
Важнейшы працэс фармавання ўчастковых выбарчых камісій таксама адбыўся без допуску незалежных назіральнікаў і прадстаўнікоў дэмакратычных кандыдатаў. У выніку з 700 членаў салігорскіх участковых камісій толькі адзін з'яўляўся прадстаўніком апазіцыі. Як і ў мінулыя выбарчыя кампаніі, абсалютную большасць у складзе камісіяў занялі прадстаўнікі праўладных структур і падкантрольных дзяржаве арганізацый з адпаведным "досведам" працы.
Кожны новы этап выбарчай гонкі прыносіў усё большыя перашкоды з боку ўладаў. Агітацыйная кампанія ў рэгіёне пачалася з бязглуздых абмежаванняў Салігорскага выканкаму на месцы для правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў. Апазіцыі былі адведзены найменш спрыяльныя для гэтага пляцоўкі - дваравыя тэрыторыі ды гарадскія ўскрайкі. Пад націскам мясцовых праваабаронцаў гэта рашэнне было скарэктавана ў бок значнага паляпшэння, але публікацыя зменаў адбылася толькі праз тыдзень. Як следства, чвэрць агітацыйнага перыяду прыхільнікі кандыдатаў былі значна абмежаваны ў сваіх магчымасцях. Акрамя гэтага, найбольш актыўныя агітатары траплялі пад асабісты прэсінг з боку ўладаў. Не тыповы, але ж вельмі паказальны выпадак адбыўся з салігорскім актывістам каманды Уладзіміра Някляева, змешчаным па распараджэнню ваеннага камісарыяту на час агітацыйнай кампаніі ў псіхіятрычную бальніцу ў Навінках. Найбольшыя ж цяжкасці салігорскіх штабоў альтэрнатыўных кандыдатаў былі звязаны са змяшчэннем агітацыйных матэрыялаў на інфармацыйных стэндах прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Пераадольваючы дзеля гэтага часам шматгадзінныя адміністрацыйныя бар'еры, на наступны дзень валанцёры са здзіўленнем выяўлялі адсутнасць на вызначаных месцах плакатаў у падтрымку кандыдатаў. Напярэдадні прыезду кандыдатаў увогуле адбывалася сапраўднае паляванне на агітатараў з боку праваахоўных органаў, ведамаснай аховы і адміністрацый прадпрыемстваў. Дзеля справядлівасці варта заўважыць, што самі сустрэчы кандыдатаў з жыхарамі гораду параўнальна з выбарамі 2006-га году праходзілі ў больш спрыяльных умовах. Колькасць правакатараў была абсалютна не крытычнай. Прэсінгу з боку сілавых структкураў, запужванне ці нагнятання абстаноўкі ў дзяржаўных СМІ з гэтай нагоды не назіралася. Падвышаная ўвага з боку міліцыі і спецслужбаў мела месца толькі падчас прыезду кандыдата Мікалая Статкевіча.
Старт агітацыйнага этапу "супаў" з узмацненнем ідэалагічнай працы "вертыкалі". Пачаўся актыўны рост колькасці, як асабістых так і ў межах штучных мерапрыемстваў, сустрэчаў кіраўніцтва раёну з прадстаўнікамі розных групаў насельніцтва рэгіёну. Адзначаліся розныя піяр-акцыі за кошт дзяржаўных прадпрыемстваў пры падтрымцы праўладных арганізацый кшталту БРСМ. Гэтыя падзеі актыўна асвятляліся мясцовымі дзяржаўнымі СМІ. Агулам аналіз інфармацыйных матэрыялаў у раённых сродках масавай інфармацыі паказаў значнае павелічэнне матэрыялаў аб дасягненнях дзеючага кіраўніцтва краіны ў розных галінах народнай гаспадаркі за апошнія пяць год. На сустрэчы з даверанымі асобамі дзеючага кіраўніка краіны людзей збіралі пад прымусам. Тут варта нагадаць пра прыняты Салігорскім выканкамам ў канцы верасні скандальны "План арганізацыйна-ідэалагічнага забеспячэння выбараў на тэрыторыі Салігорскага раёна". Фактычна гэта быў афіцыйна зацверджаны план выкарыстання адміністратыўнага рэсурсу камандай кандыдата Аляксандра Лукашэнкі ў агітацыйны перыяд.
Пры ўсім жаданні падтрымаць гульню ўладаў ў лібералізацыю і дэмакратычныя выбары, у мясцовай "вертыкалі" атрымлівалася гэта не надта зграбна. Канчаткова ўсё стала на свае месцы з пачаткам датэрміновага галасавання. Старт якога 14 снежня быў сняжынкай, якая да 19-га пераўтварылася ў рэальны ком фальсіфікацыяў. Ужо ў першыя дні ад выбаршчыкаў гораду сталі паступаць сігналы аб стымуляванні і прымусе да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні. Да канца тыдня гэты працэс, асноўнымі ўдзельнікамі якога былі студэнты, жыхары інтэрнатаў ды работнікі “Беларуськалія”, набыў арганізаваны масавы характар. Найбльш пільныя назіральнікі, якія здзяйснялі штодзённы падлік усіх галасуючых датэрмінова выбарцаў, пачалі фіксаваць завышэнні камісіямі гэтай лічбы. На адным з участкаў было зафіксавана перавышэнне рэальнай лічбы прагаласаваўшых ажно на 125 чалавек цягам двух дзён. Іншымі словамі, у скрыню для галасавання была ўкінута сотня з чвэрцю бюлетэняў, незважаючы на прысутнасць незалежнага назіральніка. На 14-м участку ў апошні дзень датэрміновага галасавання была зменена пячатка на скрыні, што азначае яе незаконнае ўскрыццё. Гэта найбольш прынцыповыя, але далёка не ўсе выяўленыя падчас датэрміновага галасавання парушэнні.
У апошні дзень парушэнні найперш датычыліся працэсу падліку галасоў і падвядзення вынікаў галасавання. Ніводнага незалежнага назіральніка ўчастковы камісіі не падпусцілі бліжэй чым на 5-10 метраў да непасрэднага месцу падліку галасоў. Як і ў папярэднія выбарчыя кампаніі, кожны сябра камісіі лічыў сваю невялікую частку бюлетэняў і перадаваў яе на асобны стол старшыні, дзе той самастойна займаўся канчатковым "падлікам" і групіраваннем бюлетэняў па стосах. На абсалютнай большасці ўчасткаў назіральнікам не прадстаўляліся лічбы асобнага падліку бюлетэняў з скрыняў для датэрміновага галасавання і з скрыняў для галасавання ў асноўны дзень. На тых участках, дзе незалежным назіральнікам са скандалам удалося дамагчыся асобнага падліку, колькасць бюлетэняў, аддадзеных за дзеючага кіраўніка на датэрміновым галасаванні, даходзіла да 98%. У дзень выбараў адсоткі былі значна больш сціплыя. Пры гэтым варта ўлічваць той факт, што колькасць выбаршчыкаў, прагаласаваўшых у асноўны дзень, паводле пратаколаў камісій, перавышала дадзеныя назіральнікаў з участкаў не менш чым на 200-600 чалавек.
Заявы па абскарджанню вынікаў выбараў на некалькіх участках прадстаўнікамі альтэрнатыўных кандыдатаў не былі задаволены. Пры гэтым, як і на абсалютную большасць скаргаў пададзеных ва ўчастковыя і тэрытарыяльную камісіі, адказы не былі матываванымі і па сутнасці з'яўляюцца звычайнымі "адпіскамі", парушаючымі нават дзеючае заканадаўства.
Агульны аналіз усіх этапаў выбарчай кампаніі паказвае, што выбары ў Салігорскім раёне не былі празрыстымі, справядлівымі і дэмакратычнымі, а іх вынік не адпавядае рэальнаму волевыяўленню выбарцаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”